Лукашэнка прымушае любіць рэжым


Ідэолаг Збройных сілаў нашай краіны Леанід Касінскі заявіў, што варта ўводзіць патрыятычнае выхаванне ў дзіцячых садках. Мяркуючы, што ніякай палітызацыі ў гэтым няма. Папярэдне захады на ўкараненне дзяржаўнай ідэалогіі былі зробленыя ў школах. Цяпер на адмысловых лінейках дзеці слухаюць гімн ды маршыруюць з дзяржаўным сцягам. Ці магчыма праз такое навязанне выхаваць пакаленне патрыётаў Лукашэнкі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Гэтак сёлета выглядалі лінейкі з нагоды сканчэння першай чвэрці ў шэрагу беларускіх школаў.

«Зараз, калі так казаць, замова на тое, каб дзеці, а тым больш студэнты далі клятву на тое, што кошт іх жыцця значна меншы, чым кошт дзяржавы», – зазначае адмыслоўца ў галіне адукацыі, навукі і інавацыяў Андрэй Лаўрухін.

На думку адмыслоўцы, узмацненне патрыятычнага выхавання пачалося пасля развязання адкрытай вайны ва Украіне. Аднак і да гэтага Лукашэнка настойліва патрабаваў надаць дзяржаўнай ідэалогіі ва ўстановах адукацыі асаблівую ўвагу. За ўзор, вядома, браліся найлепшыя практыкі савецкай школы. Пасля 2020 года, на ўздыме пратэставых настрояў, тэма гэтак званага патрыятызму сталася асабліва актуальнаю.

Летась Савет Міністраў падмацаваў словы Лукашэнкі справаю, зацвердзіўшы праграму патрыятычнага выхавання на 2022–2025 гады.

«Змяніліся абавязкі класнага кіраўніка. Гэта стала прапісана ў іхных ці кантрактах, ці дамовах. Але яны пачалі атрымліваць за гэта нейкія грошы», – распавядае былая настаўніца Ганна Саламонава.

А грашовае пытанне досыць важнае. Міністр адукацыі Андрэй Іванец заявіў, што сярэдні заробак настаўнікаў сёлета складае 1400 рублёў. Гэта пры занятасці на 1,25 стаўкі. І, маўляў, гэта нармальная занятасць. А старшыня Беларускага прафзвязу работнікаў адукацыі і навукі Таццяна Якубовіч дык увогуле ўпэўненая, што няма ніякай праблемы для працаўніка школы атрымоўваць і 2100 рублёў.

«Няма такіх заробкаў. Бо мае калегі, якія цяпер, як і я, пераходзяць у рэпетытарства, не пераходзілі б, маючы заробак 2000, нават 1000. На 1000 трэба мець вельмі шмат гадзінаў, плюс класнае кіраўніцтва, але яно ёсць не ўва ўсіх. Ну вось, можа, 1200 і будзе. Але ж трэба ўлічваць, што ты не будзеш жыць удома, ты будзеш жыць у школе», – тлумачыць Ганна Саламонава.

Наколькі глыбокім становіцца патрыятычнае выхаванне, вядома, залежыць ад самых настаўнікаў ды адміністрацыйнага апарату навучальнай установы. Як зазначылі нашыя суразмоўцы, пры сістэме кантролю і ціску на выкладчыкаў і настаўнікаў шмат хто з іх папросту вымушаны выконваць планы, якія спускаюцца зверху, дзеля справаздачнасці.

«Мусім прызнаваць, што даносы таксама сталі часткаю жыцця. І гэта такія даносы, ведаеце, людзі нават не ведаюць, што за гэта будзе. Калі нехта на кагосьці кажа, то звольняць. А могуць жа і пасадзіць чалавека, зламаць яму лёс», – кажа Андрэй Лаўрухін.

І нягледзячы на недахоп спецыялістаў у адукацыйнай галіне, арышты і затрыманні працягваюцца. Гэтак, сёння сталася вядома пра затрыманне настаўніцы адной са сталічных школаў. Як паведамляюць праўладныя тэлеграм-каналы, вінавацяць яе ў «экстрэмізме» ды змушаюць прызнацца ва ўдзеле ў пратэстах.

Зрэшты, ціснуць спрабуюць і праз бацькоў. Гледачы нашага каналу паведамілі, што за адмову дзяцей выконваць гімн сабралі адмысловы педагагічны савет. Але ці магчыма, што праз такое навязванне патрыятызму паўстане пакаленне «патрыётаў лукашызму»?

«Небяспекі вялікай я не бачу. Самае галоўнае – як з гэтым бацькі будуць абыходзіцца. Самае галоўнае, што павінны рабіць бацькі ў гэтай сітуацыі, – падтрымліваць межы дазволенага. У якім сэнсе? Трэба расказваць дзецям як ёсць, што можна, а што нельга. І даводзіць да дзетак, што гвалт і прымус – гэта ўсё дрэнна», – рэзюмуе псіхолаг Наталля Скібская.

Андрэй Лаўрухін згодны, што агулам на прыняцце навязаных ідэяў патрыятызму ў дзяцей уплывае выхаванне, якое дае сям’я. Аднак пад доўгатэрміновым апрацоўваннем няўстойлівы падлеткавы светапогляд можа не ўстаяць.

Марыля Дакуцька, «Белсат»