Чаму ў Беларусі гараць аўтамабілі?


Берасце, раён вуліцы Суворава. Проста на паркоўцы загараецца аўтамабіль. А гэта кадры з Горадні, дзе пасярод дарогі запалаў мінівэн. Па ўсёй Беларусі сёлета дзясяткі выпадкаў, калі аўтамабілі і нават аўтобусы загараюцца знутры. Але чаму?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Часта машыны запальваюцца пад капотам, калі ёсць замыканне правадоў. Замыканне дае іскру. Калі плюсавы провад трапляе на мінусавы, ён іскрыць. Калі ў нас пад капотам ідзе выцяканне газу або бензіну – ён умомант загараецца», – кажа наш суразмоўца Сяргей, уладальнік аўтамайстэрні.

Замыканне ўзнікае праз парушаную ізаляцыю правадоў. Часам яе псуюць маленькія шкоднікі – распавядае аўтаінструктар Дзяніс Герасімчык.

«Могуць таксама залазіць і грызці правады мышы, андатры і розныя іншыя грызуны, бо яны любяць цёплы матор: могуць залезці пагрэцца», – тлумачыць Дзяніс Герасімчык.

Але гэта прычына сезонная. Машыны ж гараць круглы год. Галоўная праблема, на думку аўтаінструктара, у тэхнічным стане прыватнага аўтапарку беларусаў.

«Гэта даволі стары парк аўтамабіляў. І калі яны фармальна даволі маладыя паводле году выпуску, то гэта другія, трэція, дзясятыя рукі з іншых краінаў свету. І ўладальнікі гэтых аўтамабіляў не хацелі губляць грошаў – і таму іх прадалі», – мяркуе Дзяніс Герасімчык.

З гадамі ізаляцыя правадоў старэе і псуецца. Адсюль пагроза кароткага замыкання і пажару. Аўтаэксперты, з якімі мы размаўлялі, кажуць, што асабліва рызыкуюць уладальнікі машынаў ва ўзросце дваццаць-плюс.

Статыстыкі пра ўзрост прыватных аўтамабіляў у Беларусі ў адкрытым доступе няма. Праведзенае намі інтэрнэт-апытанне паказала: дваццаць сем адсоткаў беларусаў ездзяць на аўтамабілях, якім дваццаць і болей гадоў. Дый нават калі ёсць грошы, новую машыну купіць усё цяжэй.

Летась найпапулярнейшымі новымі аўтамі ў Беларусі былі «Volkswagen Polo», «Lada Vesta» і «Geely CoolRay». Без замінкі можна набыць хіба што апошнюю з пералічаных марак. А вось «Volkswagen Polo» так проста не знойдзеш – сведчыць нашае ліставанне з дылерскім цэнтрам у Менску.

«Новых аўтамабіляў Volkswagen Polo ў наяўнасці няма, магу прапанаваць разгледзець аўтамабілі з прабегам […] На дадзены момант цяжка сказаць пра найбліжэйшыя пастаўкі ў сувязі з пытаннямі ў вытворчасці гэтых аўтамабіляў», – адказаў нам кансультант.

Менеджар прапанава замест «Polo» купіць кітайскі аўтамабіль «JAC». «Lada Vesta» ў фірмавым сталічным аўтасалоне таксама не знайшлося. Адной з прычынаў дэфіцыту сталі санкцыі – адзначаюць у Беларускай аўтамабільнай асацыяцыі. Тыя ж «Volkswagen Polo» выпускалі ў Расеі, адкуль нямецкі вытворца пайшоў з пачаткам вайны. Калі новую машыну купіць складана, то ці магчыма застрахаваць старую ад самазагарання? Мы патэлефанавалі з гэтым пытаннем у вядомую страхавую кампанію.

«На жаль, аўтамабілі, старэйшыя за 10 гадоў, у нас – не страхавы выпадак праз замыканне праводкі. Страхаванне існуе на выпадак непрадбачанай сітуацыі. Калі проста закараціла – гэта, магчыма, вы проста тэхагляд не прайшлі. І тады гэта будзе адмова», – сказала па тэлефоне працаўніца страхавой кампаніі.

Беларусы схільныя адкладваць візіт у аўтасэрвіс, пакуль машына канчаткова не зломіцца, кажа аўтамайстр Сяргей.

«У мяне шмат кліентаў, якія даездзіліся. Яны мянялі забяспечнікі, яны спрабавалі самі праводку рамантаваць, нешта перараблялі ў ёй. У выніку замест рамонту за 50 долараў яны «трапляюць» на 150», – прыгадвае Сяргей.

Спалены забяспечнік – першы сігнал, што электраабсталяванне можа мець праблему, кажа майстар. І проста замяніць гэтую дэтальку недастаткова. Трэба для прафілактыкі звярнуцца да адмыслоўцаў.

Валянцін Васіленка, «Белсат»