Новы зліў ад хакераў: колькі зарабляе Азаронак?


Рыгор Азаронак, Дзмітрый Баскаў, Іван і Наталля Эйсманты… заробкі гэтых ды іншых набліжаных да Лукашэнкі асобаў цяпер не сакрэт. «Кіберпартызаны» паведамілі пра ўзлом базы Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва. У рукі хакераў трапілі і арыенціроўкі, тлумачальныя нататкі і зводкі МУС – узламаная ўнутраная паштовая сістэма ведамства. Як і раней, афіцыйнага каментару адносна ўзломаў няма.

Імя і прозвішча, дата нараджэння, адрас, ідэнтыфікацыйны нумар і нумар пашпарта, месца працы, сума выплачаных падаткаў.«Кіберпартызаны» абнародавалі выпіскі з базы на высокапастаўленых чыноўнікаў. Гэтак, напрыклад, адлічэнні таго ж Азаронка ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва летась выраслі амаль удвая ў параўнанні з 2019 годам. Што сведчыць і пра адпаведны рост заробку прапагандыста.

«Пытанне ў тым, у якасці якога плацельшчыка ён выступаў. У якасці індывідуальнага прадпрымальніка ці фізічнай асобы. Калі ў якасці фізічнай асобы, то гэтыя адлічэнні павінны быць у пенсійны фонд у памеры аднаго працэнта. Калі як індывідуальны прадпрымальнік, то там разлік, сыходзячы з даходаў якія ён мае, таму тут складана зрабіць вылічэнні», – тлумачыць галоўны прававы інспектар прафзвязу СПМ Ігар Комлік.

Кіберпартызаны і раней выкрывалі паднаготную рэжыму, узломваючы сістэмы «Пашпарт», «ДАІ-ЦЭНТР» ды іншыя рэсурсы МУС.

«Якраз калі на чалавека ёсць нейкі кампрамат, то гэты чалавек мае шанец вырасці па сваёй кар’ернай лесвіцы. Пры тым, што ўсе вакол будуць яго не любіць, за спінай пра яго гаварыць, ён не будзе мець ніякай павагі, але пры гэтым атрымае нейкае падвышэнне», – адзначае палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў.

Разам з падвышэннем асобы, чые звесткі публікуюцца ў злівах, атрымліваюць і пэўны псіхалагічны дыскамфорт, негатыўныя эмоцыі – падкрэслівае Віталь Цыганкоў і дадае:

«Але на сённяшні момант у беларускай сілавой сістэме такія правілы паводле вядомай прымаўкі: «уваход – рубель, а выхад – два». То бок выхад з яе значна больш патэнцыйна небяспечны. І людзі бачаць прыклады іншых сілавікоў, якія сышлі, як яны пасля гэтага пераследаваліся».

Атмасфера падседжвання і плётак унутры сілавых структураў, якая выяўляецца пры ўзломах, вядома, не спрыяе мабілізацыі і салідарнасці. А ў будучыні ўзломы могуць стаць доказнаю базай падчас разгляду злачынстваў рэжыму.

Вера Несцяровіч, «Белсат»