На страйк сышло 15 тысячаў чалавек? «Не назіраем»


Дзясяткі фота з надпісам «Я дома». Але ніякіх іншых пацверджанняў. Наступіла 1 лістапада – на гэты дзень Сяргей Дылеўскі з Беларускага Аб’яднання Рабочых анансоўваў пачатак усенацыянальнага страйку. Апроч патрабавання змагання з рэжымам, Сяргей Дылеўскі абгрунтоўваў неабходнасць застацца дома ў сувязі з цяжкой эпідэміялагічнай сітуацыяй.

Вось паведамленне з тэлеграм-каналу Беларускага абʼяднання рабочых:

«Адразу з некалькіх крыніцаў да нас паступае інфармацыя пра тое, што на некалькіх буйных прадпрыемствах Менску кіраўнікі і ідэолагі пад пагрозай звальнення забараняюць агучваць і распаўсюджваць інфармацыю пра колькасць адсутных на працоўных месцах людзей».

Паводле абʼяднання, сёння на працу не выйшлі 15 тысячаў асобаў. Яшчэ напярэдадні яго лідар Сяргей Дылеўскі чарговы раз звяртаўся да працоўных:

«Страйк – гэта шлях да свабоды беларускага народу, гэта адзіны негвалтоўны спосаб пазбавіцца ад бязмежжа з боку хунты».

Пра тое, колькі насамрэч працаўнікоў прыслухалася сёння да ягонага закліку, ён нам не адказаў – не знайшоўшы часу для каментара.

«Калі б гэтая стачка пачалася, забастоўка, ці людзі пачаліся б заставацца ўдома, то я думаю, што ўсе незалежныя медыі, а таксама замежныя пра гэта б казалі. Але мы бачым, што сурʼёзных дзеянняў з боку беларускіх грамадзянаў, паралізавання не тое што гаспадаркі, а некаторых прадпрыемстваў мы не назіраем», – гаворыць палітолаг Павел Усаў.

Самую маштабную спробу страйку рабочыя арганізоўвалі летась у жніўні, пасля фальсіфікацыі выбараў і тэрору сілавікоў, грамадскага адпору і адключэння інтэрнэту.

Аўтар Youtube-каналу «Псіхалогія. Беларусь. Пратэсты» Ала Марціновіч звяртае ўвагу, што нягледзячы на затрыманні і эміграцыю, пратэставая маса ўсё роўна застаецца:

«Цяпер людзьмі рухае той самы страх, пачуццё небяспекі, безвыходнасці. Яны разумеюць, што калі яны не будуць рабіць і не будуць варушыцца, то ў перспектыве ўсё будзе толькі горш».

На думку палітолага Паўла Усава, для таго каб страйк сапраўды адбыўся і быў выніковы, трэба каб была псіхалагічная салідарнасць рабочых, іхная воля і час для арганізацыі:

«Толькі тады, калі будзе створаная сетка ўнутры прафсаюзаў, незалежных, моцных, толькі тады забастоўка адбудзецца. Іншых магчымасцяў, асабліва на падставе лозунгаў, узятых з паветра, ані рэвалюцыі, ані забастоўкі ў Беларусі немагчыма».

Рабочы рух, які сцвердзіў, што не падтрымлівае закліку Сяргея Дылеўскага да стачкі, заяўляў, што сабраў праз «Тэлеграм» больш за 18 тысячаў рабочых, зацікаўленых у страйку ў адпаведны момант.

Вітаўт Сіўчык, «Белсат»