Курс на звальненне


Людзі бягуць з прадпрыемстваў у пошуках лепшага жыцця. Адначасова з тых жа прадпрыемстваў выкідваюць тых, хто патрабаваў ад уладаў таго самага лепшага жыцця. Адцёк кадраў з галоўных прадпрыемстваў краіны б’е рэкорды.

Непатрэбныя дзяржаве. За 9 месяцаў сёлета буйныя і сярэднія прадпрыемствы краіны звольнілі амаль 571 тысячу працаўнікоў, узяўшы пры гэтым на працу ўсяго крыху больш за 519 тысяч чалавек. То бок чысты мінус склаў 51,6 тысяч асобаў. І чаго больш у гэтых лічбах – эканомікі ці палітыкі – акрэсліць цяжка: настолькі гэтыя прычыны знітаваныя, кажа эканаміст Леў Марголін. І дадае: калі што, добрых адмыслоўцаў заўжды чакаюць як на ўсходзе, гэтак і на захадзе.

«Іх штурхае і тое, што змяншаюцца заробкі ў краіне, і тое, што няма ніякае свабоды і можна загрымець пад фанфары якім заўгодна спосабам, з-за якой заўгодна акалічнасці. І людзі не хочуць гэтага цярпець», – тлумачыць Марголін.

Дзеля параўнання, летась за аналагічны перыяд адцёк працаўнікоў склаў на 20 тысячаў менш, чым сёлета, і назіраецца па ўсёй краіне. Часцяком гэта людзі, якія адпрацавалі на прадпрыемствах у сярэднім больш за 15 гадоў, заўважае прадстаўнік Рабочага руху і сустаршыня стачкаму «Горадня Азоту» Юрый Рававы.

«Гэта доўгатэрмінова паўплывае на нас усіх і, вядома, не ў найлепшы бок – нават пасля таго, як улады зменяцца… Будзе цяжэй вярнуць назад людзей, якія з’ехалі, сталі на ногі, працаўладкаваліся недзе за мяжою. І чым даўжэй гэтая сітуацыя цягнецца, тым цяжэй будзе выходзіць з яе», – упэўнены лідар працоўных.

Свой унёсак у статыстыку, адзначае Рававы, робяць і палітычна матываваныя звальненні. Гэтак, да прыкладу, можна патлумачыць, чаму за 9 месяцаў сёлета працу з прычыны прагулаў ды іншых парушэнняў працоўнай дысцыпліны страцілі ажно 28 з лішкам тысяч чалавек – дастаткова раскрыць абноўлены Працоўны кодэкс, які цяпер прадугледжвае магчымасць звальнення пасля адбыцця адміністратыўнага арышту.

«Знаходзяць з чаго-небудзь рэпост – з таго ж самага «Белсату», нават за 2017 год. Ты едзеш на пару содняў, але гэта не самае дрэннае. Самае дрэннае будзе потым, калі адміністрацыя, карыстаючыся гэтым новым Працоўным кодэксам, звольніць цябе, бо цябе не было на працы», – кажа Рававы.

Тым часам адцёк працоўных кадраў – ці то добраахвотны, ці то вымушаны – небяспечны тым, што запускае своеасаблівую ланцуговую рэакцыю, ад якой анічога добрага чакаць не даводзіцца, тлумачыць эканаміст Леў Марголін.

«Калі спецыялісты з’язджаюць – гэта азначае, што прадпрыемствы пачынаюць працаваць горш, пагаршаецца якасць прадукцыі. А калі пагаршаецца якасць, то, вядома, і попыт на гэтую прадукцыю змяншаецца – і зноў-ткі гэта адбіваецца на заробках», – тлумачыць Марголін.

На тых самых заробках, скарачэнне якіх ужо каторы месяц фіксуе нават афіцыйная статыстыка. А працаваць за капейкі, як той казаў, дурных няма. Ну альбо, дакладней, застаецца ўсё менш і менш.

Валера Руселік, «Белсат»