Ці прызнае Беларусь анексію ўкраінскіх земляў?


Анексія Пуціным украінскіх тэрыторыяў застаецца адною з галоўных тэмаў. Крэмль абвясціў уваход у склад Расеі Луганскай, Данецкай і часткова Херсонскай і Запарожскай вобласцяў. Як міжнародная супольнасць рэагуе на дзеянні Пуціна? Ці прызнае беларускі рэжым анексію ўкраінскіх земляў? І ці будзе Беларусь чарговаю краінай, на чыю тэрыторыю паквапіцца Масква?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Чатыры краіны ўстрымаліся, яшчэ дзесяць падтрымалі рэзалюцыю, якая асудзіла анексію ўкраінскіх тэрыторыяў Расеяй. Такія вынікі галасавання ў Радзе бяспекі ААН. Расея прадказальна наклала на дакумент вета. Аднак рэакцыя міжнароднай супольнасці сведчыць, што захоп украінскіх тэрыторыяў не будзе прызнаны цывілізаваным светам.

«Незаконныя рэферэндумы, якія Расея правяла ва Украіне, і меркаваная ґвалтоўная анексія ўкраінскае тэрыторыі ёсць парушэннем Статуту ААН і міжнароднага права. Яны нічога не мяняюць у статусе і межах Украіны. У гэтым Злучаныя Штаты цвёрда перакананыя», – заявіла сталая прадстаўніца ЗША пры ААН Лінда Томас-Грынфілд.

Нават Кітай, які ўстрымаўся падчас галасавання ў Радзе бяспекі ААН, выступіў з асцярожнаю крытыкай Расеі.

«Суверэнітэт і тэрытарыяльная цэласнасць усіх краінаў маюць быць абароненыя. Мэты і прынцыпы Статуту ААН мусяць выконвацца. Да законных меркаванняў бяспекі ўсіх бакоў варта ставіцца сур’ёзна. Варта падтрымліваць усе намаганні, што спрыяюць мірнаму ўрэгуляванню крызісу», – падкрэсліў сталы прадстаўнік КНР пры ААН Чжан Цзюнь.

Затое іншая ўплывовая краіна – Турцыя – выказалася адназначна супраць захопніцкай палітыкі Пуціна.

«Турцыя не прызнала анексіі Расеяй Крыму падчас незаконнага рэферэндуму ў 2014 г. і заўсёды падкрэслівала, што падтрымвае тэрытарыяльную цэласнасць, незалежнасць і суверэнітэт Украіны. Згодна з гэтай пазіцыяй, прынятай у 2014 г., мы адрынаем рашэнне Расеі анексаваць Данецкую, Луганскую, Херсонскую і Запарожскую вобласці Украіны», – напісала МЗС Турцыі ў сваім афіцыйным прэс-рэлізе.

З аналагічнаю заявай сёння выступіла і МЗС Грузіі. Дзеянні Расеі таксама асудзілі Чэхія і Данія. Украіна ж на пуцінскую анексію адказвае вызваленнем сваіх населеных пунктаў на Данбасе. У тым ліку, тых, дзе напярэдадні прайшлі псеўдарэферэндумы аб далучэнні да Расеі. Вось так званае галасаванне ў Лімане на пачатку гэтага тыдня. А ўжо сёння паведамляюць, што горад цалкам атачылі ўкраінскія войскі. У катле магло апынуцца да пяці тысячаў акупантаў. Паводле ўкраінскага камандавання, баі цяпер ідуць у самім Лімане.

Беларускі саюзнік Пуціна таксама апынуўся ў складаным становішчы. Раней Лукашэнку ўдавалася ўхіліцца ад прызнання анексіі Крыму. А нядаўняя паездка ў Абхазію не пазіцыянавалася як афіцыйны візіт.

У выпадку з захопленымі Расеяй украінскімі тэрыторыямі Лукашэнка будзе выкручвацца да апошняга – сказаў у інтэрвʼю «Белсату» польскі аналітык Лукаш Адамскі. Бо прызнанне анексіі зробіць і без таго ізаляваны беларускі рэжым абсалютным ізгоем у свеце. Дый суверэнітэт самой Беларусі залежыць ад таго, ці захаваецца Украіна як незалежная дзяржава.

«Калі б Пуціну ўдалося перамагчы ў вайне з Украінай, то цалкам верагодна, што ён захоча працягнуць гэткую самую палітыку і анексаваць Беларусь», – кажа Лукаш Адамскі.

Аналітык, аднак, мяркуе, што перамога Расеі ў гэтай вайне малаімаверная.

Валянцін Васіленка, «Белсат»