Знік палітвязень


Пракуратура прызнала незаконным пакаранне ў выглядзе змяшчэння ў памяшканне крытага тыпу палітвязня Арцёма Анішчука.

Распачатую ў калоніі супраць яго справу за «злоснае непадпарадкаванне» маюць спыніць, аднак следчы не спяшаецца. Арцёму прызначылі «псіхіятрычную экспертызу». Пасля гэтага палітвязень проста знік з Магілёўскай папраўчай калоніі нумар 15.

«Мы прыехалі з адвакатам у магілёўскую калонію і там начальнік нам паведаміў, што Арцёма ў іх няма. Нам сказалі што ён «выбыў». Больш нічога не паведамілі. З намі адмовіліся размаўляць фактычна», – кажа жонка Арцёма Вольга Анішчук.

Вольга Анішчук казала, што ў ПК-15 ужываюць ґвалт у дачыненні ейнага мужа. Сорак дзён запар Арцёма ўтрымлівалі ў штрафным ізалятары, дзе не абышлося без здарэнняў. На яго накінуўся зняволены, падрапаў Анішчуку спіну. Каб выратавацца ад катаванняў, палітвязень праглынуў металічныя прадметы. Тады з’явілася інфармацыя, што пасля рэзанансу гісторыі ў медыях і пракурорскай праверкі Арцёма збіў начальнік калоніі Аляксей Лазарэнка.

Арцёма Анішчука пакаралі двума гадамі за тое, што пашкодзіў машыну, якая належыць жонцы Аляксандра Гейца, супрацоўніка Дэпартаменту выканання пакаранняў.

Ціск зазнае і іншы фігурант гэтай справы – Ягор Яўстратаў, зняволены на 3 гады і 2 месяцы ў папраўчай калоніі нумар 1 у Наваполацку.

«21-га жніўня мы павезлі Ягору перадачу. І ўжо там я даведалася, што 20-га жніўня яго перавялі ў ПКТ. Чаму – нам не сказалі. Я запісалася на прыём да начальніка калоніі і там мне распавялі, што накіравалі ў суд справу аб змене рэжыму», – распавядае Дарʼя, сястра Ягора Яўстратава.

Катаванне і бесчалавечнае абыходжанне за апошні год сталіся нормаю ў беларускіх папраўчых калоніях, сцвярджаюць праваабаронцы. Да палітвязняў адміністрацыі ўстановаў ставяцца з асабліваю жорсткасцю.

«Палітычных вязняў падвяргаюць прыдзіркам, часам збіваюць. Часта адвольна прызначаюць дысцыплінарныя пакаранні, якія прыходзіцца адбываць у штрафных ізалятарах у бесчалавечных умовах», – распавядае праваабаронца Павел Сапелка.

У надзеі спыніць беззаконне і ґвалт у дачыненні беларускіх палітычных зняволеных Ігар Лосік, які ўжо больш за год застаецца за кратамі, напісаў ліст да Папы Рымскага.

«Я не прашу заступіцца за мяне перад некім, але я прашу заступіцца за дабро, за праўду, за справядлівасць, за сотні і тысячы беларусаў, якія страцілі надзею ў такім жа становішчы, як і я, а многія нават горшым. Можа быць, я вельмі наіўны, і гэты ліст да Вас ня дойдзе, але я пішу яго зусім шчыра і ад чыстага сэрца і веру, што пішу яго не дарма. І мне вельмі хочацца верыць, што Бог не пакінуў нас, што гэтая бессэнсоўная жорсткасць спыніцца, што больш ніхто не памрэ і ўсе вернуцца да сваіх сем’яў», – гаворыцца ў лісце палітвязня.

На дзень 1-га верасня паводле беларускіх праваабаронцаў палітзняволенымі ў нашай краіне прызнаныя 652 асобы.

Алесь Баразенка. Белсат