Улады шукаюць, каму прадаць падсанкцыйную драўніну


Аляксандр Лукашэнка прызначыў новага міністра лясной гаспадаркі. Ім стаўся Аляксандр Кулік. Новы кіраўнік ведамства ўжо заявіў пра амбітныя планы – знайсці куды прадаць беларускую драўніну, што трапіла пад заходнія санкцыі. Чаму гэта так важна для дзейных уладаў? І як чыноўнікі распараджаюцца прыроднымі багаццямі Беларусі?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Кантраляваць і кіраваць лясною гаспадаркаю цяпер мае Аляксандр Кулік. Ён ужо быў намеснікам міністра, трапіў пад кадравыя чысткі, вярнуўся ў Кобрынскі лясгас, а цяпер ізноў на кіроўнай пасадзе. У інтэрв’ю дзяржаўным медыям новапрызначаны міністр абазначыў, чым плануе заняцца найперш – шукаць куды прадаць драўніну, што трапіла пад заходнія санкцыі.

«У нас экспартавалася збольшага прадукцыя з нізкаю даданаю вартасцю. Гэта сырыя піламатэрыялы і часткова сухія. Таму цяпер ёсць магчымасць больш паглыбляць перапрацоўванне драўніны. І пераарыентацыя: мы ўжо адгружаем прадукцыю на Кітай, на Азербайджан першыя пастаўкі пайшлі», – заявіў Аляксандр Кулік.

Летась Беларусь прадала ў Еўразвяз лясную сыравіну на 1,4 мільярдаў долараў. Попыт быў высокі, і цэны раслі. Таму беларускія лясы высякаліся шалёнымі тэмпамі.

«У пачатку 2000 гадоў высякалі 3,5 мільёна кубаметраў за год. Праграма «Беларускі лес» на 2021–2025 гады прадугледжвае ўжо 25,5 мільёна кубічных метраў за год драўніны», – расказвае экаактывістка і эколаг Інэса Балоціна.

Выходзіць, што за апошнія 20 гадоў абʼёмы высякання павялічыліся больш як у 7 разоў. Сасновыя плантацыі на месцы знішчаных натуральных лясоў не даюць такой біялагічнай разнастайнасці, мяркуе Інэса Балоціна. Але, на думку экаактывісткі, пытанне экалогіі для ўладаў далёка не на першым месцы. Лес для чыноўнікаў – усяго толькі грошы.

І, нягледзячы на тое, што беларуская драўніна трапіла пад заходнія санкцыі, яе нарыхтоўкі не спыняюцца. Пра што на ўмовах ананімнасці работнікі лясной гаспадаркі распавялі выданню «Зеркало».

«Праца ёсць, але заробку за яе няма. Рэалізацыя гатовай прадукцыі практычна спынілася, як я казаў, у звязку з санкцыямі, цэны ўпалі да мізэрнага памеру. Але мы працягваем працаваць – лес валяць, бо планаў ніхто не адмяняў. Пакуль лес ляжыць на складах, чакае невядома чаго», – расказвае суразмоўца выдання «Зеркало».

Амбітныя планы міністра знайсці новыя рынкі збыту для драўніны, якою запоўненыя склады, нічога не вартыя, мяркуе наш эксперт, беларускі спецыяліст у галіне лясной гаспадаркі.

«Паўсюдныя заявы ў Беларусі пра пераарыентацыю на ўсходні рынак не вытрымліваюць крытыкі. Гэта пытанне з лагістыкаю, з пастаўкамі прадукцыі. У тым ліку праз Расейскую Федэрацыю, якая часткова блакуе пастаўкі, бо мае падобныя праблемы ў галіне дрэваапрацоўкі», – кажа эксперт.

Кітаю, на які з надзеяй глядзяць беларускія чыноўнікі, прасцей і танней купляць лес на Далёкім Усходзе Расеі, кажа наш эксперт. Іншыя краіны Азіі папросту не патрабуюць столькі лесу. І тую цану, за якую яго набываў Еўразвяз, плаціць не гатовыя. Праваліўся і план з паліўнымі грануламі, ці пэлетамі. У Беларусі для іх вырабу стварылі каля пяцідзесяці вытворчасцяў. Але еўрапейскі рынак закрыўся і для біяпаліва. Падобна, што ў развіцці лясной гаспадаркі ўлады працягваюць дапускаць сістэмныя памылкі.

«Дзяржаўныя прадпрыемствы ў нас слабаманеўраваныя, ім вельмі цяжка падладзіцца пад кан’юнктуру рынку. Гэта праблема кіравання гэтымі прадпрыемствамі. На жаль, цяпер справа выглядае так, што Міністэрства лясной гаспадаркі сталася сыравінным дадаткам да канцэрну «Беллеспаперапрам» і выконвае пэўныя даручэнні былога кіраўніка гэтага канцэрну, а цяпер віцэ-прэм’ера», – дзеліцца сваім меркаваннем эксперт.

Карыстанне лесам як сыравіннаю базаю – падыход недальнабачны, мяркуюць эколагі. У выніку Беларусь рызыкуе страціць свае прыродныя багацці.

«Мы павінныя былі экалагізаваць сваю лясную гаспадарку яшчэ ўчора. Гадоў 20 або 30 таму, каб нейкім чынам падрыхтаваць яе да змянення клімату, да змянення эканамічнай сітуацыі ў краіне і ў рэгіёне», – кажа Інэса Балоціна.

Замест гэтага Беларусь выйшла з Оргускай канвенцыі, якая магла змусіць чыноўнікаў прыслухоўвацца да грамадскай думкі. Затое нарыхтоўку лесу ў 2035 плануюць павялічыць. Ад цяперашніх 25,5 да 30 мільёнаў кубаметраў за год.

Валянцін Васіленка, «Белсат»