Як не застацца без ровара?


З вясны да восені ровары становяцца адным з самых папулярным відаў транспарту. Гэта экалагічна, а фізічная актыўнасць дапаможа трымаць сябе ў добрай форме. Таксама ровар – выдатны спосаб ашчадзіць грошы на транспартавых выдатках. Пры ўмове, што вашага ровара не скрадуць. А з пачатку года ў Беларусі зарэгістравалі каля шасцісот выпадкаў крадзяжу ровараў. Каля сотні за месяц.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«У гэтым годзе зарэгістравана 580 крадзяжоў ровараў, кожны 3 транспартны сродак выкрадзены з пад‘ездаў шматпавярховых жылых дамоў. Распаўсюджаныя крадзяжы з падвалаў, вуліц, дваровых тэрыторый. Больш за палову такіх злачынстваў раскрытыя. Нагадваем, пакідаючы двухколавы транспартны сродак у грамадскім месцы, варта прышпільваць яго на тросавы замок», – паведаміў намеснік начальніка ўпраўлення ГУКВ МУС Андрэй Бусло.

Але тросавы замок, які часта выкарыстоўваюць беларусы, не дае 100 працэнтнай гарантыі. Яго ўзлом – толькі пытанне часу і ўмення злодзея.

«Тут не можа быць ніякай бяспекі, таму што тыя замкі, якія выкарыстоўваюцца, можна нават звычайнымі нажніцамі па метале абрэзаць», – сказаў раварыст Зміцер Фурманаў.

»Мая парада – выкарыстоўваць адразу некалькі відаў замкоў, а таксама не пакідаць ровар без нагляду надоўга«, – дадала раварыстка Аліна Скрабунова.

Ёсць некалькі больш надзейных варыянтаў. Напрыклад, сегментны складны замок. Ён сустракаецца рэдка, таму, хутчэй, прымусіць абраць для крадзяжу іншы ровар. «Ланцуговым» замком з загартаванай сталі зручна прышпіліцца ўсюды, а вазіць яго можна нават на самым сабе. І нарэшце «U-Lock» – падобны да таго, якім запіралі свіран у вёсцы, але адаптаваны для ровараў. Такі тып замка з найбольшаю верагоднасцю захавае і вашую маёмасць, і свабоду злодзею, бо за крадзеж пагражае пазбаўленне волі да 3-ох гадоў.

«За крадзеж ровара прадугледжана адказнасць па артыкуле 205 КК. Негатыўныя наступствы цягне і набыццё крадзенага. Можна не толькі застацца без рэчаў і грошай, але і быць прыцягнутым да адказнасці за набыццё матэрыяльных каштоўнасцяў, здабытых злачынным шляхам», – дадаў Андрэй Бусло.

Своеасаблівыя захады прафілактыкі крадзяжу прыдумалі міліцыянты на Берасцейшчыне. Яны прышпільваюць пакінутыя без дагляду ровары замкамі, на якіх пакідаюць кантакты аддзелаў міліцыі. Вызваліць жа маёмасць уласнік здолее пасля таго, як праслухае лекцыю пра захады бяспекі.

»Трэба шукаць гэтага міліцыянта, а ён будзе даступны па тэлефоне? Не ведаю, дзе яшчэ магчыма знайсці такую практыку», – дадаў Зміцер Фурманаў.

Калі ваш ровар усё ж такі скралі, то вось некалькі практычных парадаў ад праваахоўных органаў. Патэлефанаваць у міліцыю, згадаць час крадзяжу, пастарацца знайсці сведак і запісаць іхныя тэлефоны, знайсці дакументы на ровар і падлічыць яго кошт з улікам усіх апґрэйдаў, паведаміць пра крадзеж роварнай супольнасці, праглядзець пляцоўкі аб’яваў і не спрабаваць вярнуць ровар самастойна, калі ён знайшоўся ў новага ўладальніка.

Каб дакладна абараніцца ад злодзеяў, захоўвайце ровар у кватэры, ці спецыялізаванай паркоўцы. Роўных вам веладарожак і натхняльных даляглядаў.

Андрэй Сульжыц, «Белсат»