Катаванні падчас затрымання і за кратамі


У гарадзенскай турме № 1 спачатку перасталі прымаць пітную ваду, а цяпер закрываюць краму. Гэта сур’ёзная праблема, бо набытая ў турэмнай краме вада ды шэраг прадуктаў і тавараў не ўваходзяць у ліміт вагі, дазволенай на месяц, – 30 кілаграмаў. Семʼі палітвязняў расцэньваюць гэта як дадатковы ціск на зняволеных.

Білі пры затрыманні, пагражалі згвалціць дручком, душылі падушкай, распылялі пярцовы газ у вочы, прымушалі прызнаць віну ў рыхтаванні тэрактаў… У Менскім гарадскім судзе анархіст Мікалай Дзядок даў паказанні. Справу разглядае суддзя Анастасія Папко. Палітвязень адразу заявіў, што не прызнае віны паводле артыкулаў, якія яму інкрымінуюць: арганізацыя масавых беспарадкаў, заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі, і захоўванне небяспечных рэчываў. Паводле Дзядка, кактэйль Молатава яму падкінулі працаўнікі ГУБАЗіКу, бутэлькі яму сілай засоўвалі ў рот.

«Яны мелі мэту падавіць ягоную волю, паздзекавацца з яго ўсяляк. На гэты момант Мікола пачуваецца добра, ён у поўным парадку (у фізічным сэнсе). Маральна, вядома, цяжка. Відаць было, што яму цяжка ўсё гэта па-новаму перажываць, па-новаму ўзнаўляць. Тым не менш, ён трымаецца малайцом, бадзёра і ўпэўнена», – кажа бацька Міколы Дзядка Аляксандр.

Са словаў адваката, трымаецца і нават усміхаецца баранавіцкі актывіст Уладзімір Гундар, які ў карцары абвесціў галадаванне. Змясцілі яго туды тыдзень таму за адмову прамаўляць фразу «схільны да экстрэмізму». Паводле жонкі Уладзіміра, для ейнага мужа, інваліда другой групы, утрыманне ў карцары небяспечнае. Уладзіміра асудзілі на 3 гады калоніі ў гэтак званай справе Аўтуховіча.

«Дух у яго моцны, але, на жаль, цела, здароўе не такое. У яго захворванне судзінаў ніжніх канцавінаў, праз што ён і страціў адну нагу. І калі ён не будзе піць вады, кроў будзе станавіцца гусцейшай і можа быць закупорка судзінаў. Гэта наўпрост пагражае стану ягонага здароўя і наагул жыццю», – перажывае жонка Уладзіміра Гундара Алена.

Журналісту Андрэю Аляксандраву выставілі новае абвінавачванне – здрада дзяржаве. Яму пагражае ад 7-мі да 15-ці гадоў пазбаўлення волі. Мужчыну разам з ягонай дзяўчынай Ірынай Злобінай затрымалі 12-га студзеня і абвінавацілі ў арганізацыі і рыхтаванні дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўным удзеле ў іх. 12-га ліпеня заканчваецца тэрмін утрымання паводле гэтага артыкулу. «Менавіта таму яму выставілі новае абвінавачванне, каб надалей пакінуць пад вартаю», – мяркуе медыяэксперт Аляксей Лявончык і дадае:

«Прывязаць дзейнасць Аляксандрава як журналіста альбо прывязаць дзейнасць Аляксандрава ў дапамозе з выплатамі штрафаў да здрады… Ну, я не магу гэтага патлумачыць. Адзінае – не цуд, а гістарычная наканаванасць у тым, што Аляксандраў выйдзе, таму што Лукашэнка скончыцца значна хутчэй, чым 7 гадоў, паверце».

У судзе Маскоўскага раёну Менску працягваліся спрэчкі бакоў у крымінальнай справе футбольных фанатаў. Цімура Піпію, Віталія Шышлова, Дзяніса Болтуця (у якога сёння дзень народзінаў) і Тамаза Піпію вінавацяць паводле шэрагу артыкулаў за падзеі 10-га жніўня і 23-га верасня летась. Нібыта тыя выкрыквалі лозунгі, гучна пляскалі ў далоні, перакрывалі праезную частку, не падпарадкоўваліся міліцыі.

«Нашыя органы хацелі выслужыцца перад існымі ўладамі. Вось і ўсё. Яны адчуваюць уладу, што сёння яна на іхным баку. Нашага меркавання ніхто не ўлічвае. Па справядлівасці нічога не адбываецца», – адзначае жонка Дзяніса Болтуця Вераніка Мароз.

«Кожныя народзіны мы збіраліся ўсёй сямʼёй, незалежна ад дня тыдня: накрывалі стол, елі торт – усё, як у звычайных людзей. Сёння ў яго не зусім звычайныя народзіны. Я яго віншую і ведаю, што неўзабаве ён будзе з намі. Праўда ўсё роўна на нашым баку», – кажа сястра Дзяніса Болтуця Анастасія.

Абаронцы звярнулі ўвагу судзі Святланы Бандарэнкі, што з абвінавачаных «выбівалі паказанні супраць сябе», што следства так і не падало ніводнага доказу віны падабаронных. А грамадзянскі пазоў на кампенсацыю стратаў тычыцца транспарту, які наагул не ходзіць на вуліцы Прытыцкага. Прысуд абвесцяць заўтра.

Каця Малей, «Белсат».