БТ трапіла ў міжнародную ізаляцыю


Белтэлерадыёкампанію выключылі з Еўрапейскага трансляцыйнага звязу (EBU). Такое рашэнне прыняла выканаўчая рада арганізацыі.

«У апошнія тыдні нас асабліва ўстрывожыла трансляцыя інтэрв’ю, відавочна атрыманых пад прымусам. Мы таксама адсочвалі іншыя праграмы Белтэлерадыёкампаніі ў гэтым пытанні, якія выклікаюць сурʼёзныя і надзвычай істотныя асцярогі. У святле гэтых выключных падзеяў у выканаўчай рады няма іншай альтэрнатывы, акрамя як прапанаваць прыпыніць сяброўства Белтэлерадыёкампаніі ў EBU», – гаворыцца ў афіцыйнай заяве арганізацыі.

З сённяшняга дня БТРК больш не мае доступу да шэрагу паслугаў для чальцоў Еўрапейскага трансляцыйнага звязу. Сярод іх: абмен навінамі і іншым кантэнтам; правы на трансляцыю пэўных музычных і спартовых падзеяў; паслугі, звязаныя з экспертызаю і абаронай інтарэсаў. Застанецца БТ і без конкурсу «Еўрабачанне».

Адказ кіраўніцтва Белтэлерадыёкампаніі выйшаў эмацыйным:

«Белтэлерадыёкампанія з усмешкай і некаторым задавальненнем вітае доўгачаканы факт прыпынення супрацоўніцтва з ЕТЗ – арганізацыяй, у якой не было, няма і ніколі не будзе свайго асабістага меркавання. А яшчэ мы зэканомім шмат мільёнаў еўраў і ажыццявім мару большасці жыхароў Беларусі. Больш без «Еўрабачання»!»

Што праўда, раней кіраўніцтва БТ незадаволенасці арганізацыяй не выказвала.

«БТ укладала даволі вялікія грошы, раз за разам прымаючы ўдзел у гэтым конкурсе. І Аляксандр Лукашэнка, і розныя чыноўнікі, якія мелі дачыненне да ўдзелу Беларусі, выказваліся так, што вельмі важна дасягнуць поспеху на «Еўрабачанні». Калі зараз аказваецца, што ўсё гэта яны рабілі насуперак жаданню беларусаў, то выглядае гэта як мінімум дзіўна», – кажа медыяэксперт Паўлюк Быкоўскі.

У канцы траўня Еўрапейскі трансляцыйны звяз часова прыпыніў удзел Белтэлерадыёкампаніі ў сваіх шэрагах і даў яе кіраўніцтву некалькі тыдняў на тое, каб адказаць на пытанні аб удзеле БТ у катаваннях і рэпрэсіях…

«EBU абʼядноўвае больш за 50 кампаніяў, якія дэкларуюць і абараняюць ідэі дэмакратыі, свабоды слова і незалежнасці медыяў. Гэта значыць, што калі твой удзел спынены, то ты больш не ёсць чальцом гэтай сямʼі і ты не адпавядаеш гэтым каштоўнасцям. І іншыя чальцы звязу кажуць табе: спыніся і пераасэнсуй свае дзеянні», – кажа Моніка Гарбачаўскайце-Будрыене, сябра выканаўчай рады EBU.

Але адказаў так і не прагучала… І цяпер БТ трапіла ў міжнародную ізаляцыю, як і рэжым Лукашэнкі.

Алесь Баразенка, «Белсат»