Навошта Лукашэнка паляцеў у Манголію?


Дзяржаўныя сцягі Беларусі і Манголіі, маляўнічая рота ганаровай варты, сушаны тварог ааруул. Так у аэрапорце «Чынгісхан» гэтым вечарам прымалі Лукашэнку. Сустракала госця з Беларусі міністарка замежных справаў.

Мэтаю чатырохдзённага дзяржаўнага візіту абвясцілі ўмацаванне прамыслова-эканамічнай супрацы і двухбаковага гандлю. У анонсе ішлося пра продаж манголам беларускіх харчоў і прамысловай прадукцыі ды пра супрацу ў галінах аграпрамысловага комплексу.

«Там Расея ёсць са сваімі калійнымі ўгнаеннямі, – нагадаў эксперт у нееўрапейскіх цывілізацыях Яўген Красулін. – Не ведаю, як там у Пуціна дойдзе ягоная «бяссрэбнасць» і гатовасць дапамагаць свайму саюзніку так, каб аддаваць кавалак сваіх рынкаў. Нешта ў гэта слаба верыцца».

Манголія мае агульную мяжу з Расеяй і Кітаем, цяпер жа спрабуе наладзіць трывалыя эканамічныя сувязі з так званымі трэцімі суседзямі. Гэта могуць быць Японія і Паўднёвая Карэя – краіны з высокаразвітымі тэхналогіямі. Да канкурэнтаздольнасці Беларусі побач з гэтымі дзяржавамі палітолаг з Фінскага інстытуту міжнародных адносінаў Рыгор Ніжнікаў ставіцца скептычна.

«Беларусь можа прапанаваць Манголіі толькі разам спрабаваць неяк абыходзіць заходнія санкцыі, на што мангольскі ўрад наўрад ці пойдзе. Бо гэта будуць усё-такі вяліікія-вялікія рэпутацыйныя рызыкі. Таму я не бачу эканамічнага сэнсу. Яго можна разглядаць толькі з боку дыпламатычна-бяспекавага хіба».

Афіцыйныя перамовы Аляксандра Лукашэнкі з прэзідэнтам Манголіі Ухнагійнам Хурэлсухам адбудуцца ва Улан-Батары ў вузкім і пашыраным складах. Яўген Красулін упэўнены: гэта сталася магчымым з дазволу Крамля.

«Пуцін мусіць свайму кліенту што-небудзь кідаць «з барскага пляча». Бо калі яго зусім ужо трымаць у чорным целе, то самому Лукашэнку цяжка будзе трымацца ў Беларусі. Яму ж трэба прадэманстраваць, што ён вядзе актыўнае палітычнае жыццё, што ад яго нешта залежыць».

Адлегласць ад Менску да Улан-Батару – 6856 кіламетраў. Узаемны тавараабарот у 2021 годзе складаў $ 43,6 мільёнаў. У той час як, напрыклад, з Казахстанам – удвая болей.

«Для беларускай вонкавапалітычнай бюракратыі вельмі важна паказваць, што яны працуюць, што там нейкія дакументы падпісваюць, – пракаментаваў палітолаг Рыгор Ніжнікаў. – Маўляў, Беларусь прызнаюць ў нейкіх там краінах свету, для прапаганды – будзе паказана як «вось яшчэ адзін трыумф». Але я думаю, што сэнс усё ж вельмі невялікі».

Манголія вядомая сваёй прагматычнай вонкавай палітыкай. У індэксе дэмакратыі гэтая краіна займае 81-е месца са 167-мі. Яна бярэ ўдзел у шэрагу міжнародных аб’яднанняў, падпісала Рымскі статут. Пра апошнюю акалічнасць нагадаў кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення і сябра Каардынацыйнае рады Павел Латушка. Ён лічыць ваяж Лукашэнкі ва Улан-Батар – не проста візітам.

«Гэта дзёрзкае і зневажальнае пасланне ўсёй міжнароднай супольнасці і сістэме міжнароднага правасуддзя. Лукашэнка здзейсніў злачынства агрэсіі супраць Украіны. Лукашэнка нясе адказнасць і за злачынствы супраць чалавечнасці ў Беларусі. Ён арганізаваў шырокамаштабны напад на грамадзянскае насельніцтва па палітычных матывах».

Гэткі допіс Паўла Латушкі ў адной з сацсетак заўважыў былы прэзідэнт Манголіі Цахіягійн Элбэгдорж. Ён заклікаў цяперашнія ўлады краіны арыштаваць Аляксандра Лукашэнку як міжнароднага злачынцу.

Але, на думку палітолага Рыгора Ніжнікава, гэта немагчыма. Без гарантыі з боку мангольскіх уладаў і падтрымання Крамля Лукашэнка туды проста не паехаў бы.

Тым часам стала вядома пра праект двухбаковага пагаднення, згодна з якім манголы маглі б карыстацца сваімі нацыянальнымі правамі кіроўцы ў Беларусі, а беларусы, адпаведна, – у Манголіі.

Марына Яновіч, «Белсат».