Беларусы не пабачаць фіналу Лігі чэмпіёнаў


Галоўны футбольны матч сезону. Мадрыдскі «Рэал» і дортмундская «Барусія» праз некалькі гадзінаў вызначаць у Лондане пераможцу футбольнае Лігі чэмпіёнаў. Беларускія тэлеканалы сёлета пазбаўленыя магчымасці трансляваць падзею. У каго найбольшыя шанцы падняць над галавою прэстыжны трафей і як беларусам паглядзець фінал?

Праз паўтары гадзіны на стадыёне «Ўэмблі» у Лондане стартавым свістком славенскага арбітра Слаўко Вінчыча распачнецца фінал футбольнае Лігі чэмпіёнаў УЕФА. У прысутнасці дзевяноста тысяч заўзятараў за галоўны еўрапейскі трафей паспрачаюцца чатырнаццаціразовы пераможца мадрыдскі «Рэал» – і нямецкая «Барусія» з Дортмунду. Для гішпанскага каралеўскага клубу сёлетні фінал стане шостым за апошнія дзесяць гадоў.

«У футбольным свеце фінал Лігі чэмпіёнаў – гэта самая важная гульня, і гуляць тут, на «Ўэмблі», гэта сапраўды гістарычны стадыён, будзе неймаверна захапляльна. Я шчаслівы быць тут і спадзяюся, што нашая каманда можа паказаць сваю найлепшую гульню», – кажа Карла Анчэлёцці, галоўны трэнер «Рэалу» (Мадрыд).

«Чмялі», як за чорна-жоўтыя колеры празвалі «Барусію», раней у фіналах гулялі тройчы, запаветны трафей яны заваявалі ў далёкім 1997 годзе. На шляху да фіналу немцы пад кіраўніцтвам Эдына Тэрзіча і з лідарам-ветэранам Марка Ройсам сёлета выбілі з турніру зорны «Пары Сэн-Жэрмэн».

«Калі мы гатовыя паказаць, што прыехалі не для таго, каб паглядзець, як «Рэал» возьме наступны трафей, паказаць, што мы тут, каб даць ім бой у гэтай гульні, то ў нас будзе шанц», – упэўнены галоўны трэнер «Барусіі» (Дортмунд) Эдын Тэрзіч.

Безумоўнымі фаварытамі букмекеры ды эксперты называюць клуб з Мадрыду. За «Рэал» гаворыць зорны склад, больш дасведчаны трэнер і проста гісторыя шматлікіх перамог. «Барусія», як сапраўдны андэрдог, паспрабуе супрацьпаставіць дысцыпліну і характар ды спадзявацца на долю фарту, без якога ў такіх матчах – нікуды.

«Упэўнены, што сёння будуць поўныя бары і рэстарацыі па ўсім свеце. Гэта гісторыя пра тое, што нават тыя, хто не глядзіць звычайна футбол збіраюцца і ідуць раз на год разам заўзець.Робіцца круты двіжняк, крутое кам’юніці. Вось сёння разам з маім сябрам Ярыкам Пісарэнкам мы будзем каментаваць фінал па-беларуску ў Варшаве», – кажа блогер Аляксандр Івулін.

Развязання еўрапейскага сезону чакаюць сотні мільёнаў заўзятараў ва ўсім свеце.

Беларускія заўзятары не далучацца сёлета да афіцыйнай аўдыторыі фіналу. Праз санкцыі супраць дзяржаўнай прапагандысцкай Белтэлерадыёкампаніі УЕФА не прадала правоў на трансляцыю галоўных футбольных падзеяў Еўропы нашай краіне. Нядаўнія змены ў законы, прынятыя рэжымам, дазваляюць БТ фактычна красці трансляцыі, аднак у адказ УЕФА прыгразіў пазбавіць выплатаў беларускія клубы і федэрацыю футболу.

«Гэта было бы вялізарнае глупства з боку ўладаў сказаць «ай, лупіце трансляшку і ўсё». Таму што тым самым АБФФ пазбавіла бы сябе адзінага козыра – таго што яны быццам укладаюцца ў айчынны футбол, у інфраструктуру, а насамрэч там усе грошы – грошы УЕФА», – дадае Аляксанд Івулін.

Таму беларускім заўзятарам застаецца самастойна шукаць пірацкія трансляцыі ў інтэрнэце ці спадзявацца на арганізацыю паказу фіналу ў барах ды кавярнях.

Аляксандр Баразенка, «Белсат»