Ад каго трэба абараняць беларускіх дзяцей?


Першага чэрвеня адзначаюць Міжнародны дзень абароны дзяцей. Лукашэнкаўскія ўлады на свой капыл разумеюць, што такое клопат пра дзетак, і ствараюць па ўсёй краіне ваенізаваныя атрады са школьнікаў і выхаванцаў дзіцячых садкоў. Асноўную ж пагрозу для дзяцей рэжым бачыць у замежным уплыве.

Сёння ва ўсім свеце адзначаюць Дзень абароны дзяцей – адное з найстарэйшых міжнародных святаў. Арганізацыя Аб’яднаных Нацыяў адною з пагрозаў для дзяцей называе выкарыстанне супраць іх сілы або ўлады з мэтай прычыніць шкоду фізічнаму і эмацыйнаму стану. У лукашэнкаўскіх чыноўнікаў сваё бачанне сучасных пагрозаў, што знойдзе адлюстраванне ў новай рэдакцыі закону «Аб правах дзіцяці».

«Мы зрэагуем на тыя выклікі, якія ідуць не знутры, а звонку. Выклікі і ўкіды, якія ў першую чаргу звязаны з прапагандай нетрадыцыйных адносін. Пытанні, якія звязаны з рознага роду цацкамі, якія ўплываюць вельмі не пазітыўна на нашых дзяцей», – зазначае Ігар Петрышэнка, намеснік прэмʼер-міністра.

ЛГБТК тэматыка ўсё часцей згадваецца чыноўнікамі. У красавіку пастанова Міністэрства культуры прыраўняла дэманстрацыю так званых нетрадыцыйных стасункаў да парнаграфіі.

«Гэта адцягненне ўвагі ад рэальных праблемаў у грамадстве. Ад эканамічных праблемаў, ад сацыяльных праблемаў. Гэта такая спроба замесціць тое, што на самой справе актуальна для грамадства, для моладзі таксама на штосьці больш яскравае, больш цапляльнае», – мяркуе Марго Ворыхава, дарадца Святланы Ціханоўскай у моладзевай палітыцы.

Рэжым адказвае на гэта мілітарызацыяй беларускіх дзяцей. Па ўсёй краіне ствараюцца ваенізаваныя атрады са школьнікаў і нават выхаванцаў дзіцячых садкоў. А ў Рэчыцы стварылі так званыя акцябрацкія войскі.

«Ідэалагізацыя і мілітарызацыя адукацыі ў Беларусі, моладзі, дзяцей у Беларусі служыць для ўмацавання гэтага аўтарытарнага кантролю і фармавання грамадства, якое будзе паслухмяным. Яны ўмацоўваюць гэтую культуру канфарміства ў грамадстве і душаць развіццё незалежнай думкі, незалежнага мыслення ў моладзі і дзяцей», – зазначае Марго Ворыхава, дарадца Святланы Ціханоўскай у моладзевай палітыцы.

Ідэалагічнае апрацоўванне цярпяць не толькі беларускія дзеці. Арганізацыя «Наш дом» даслала спецспавяшчальніку ААН у справах Беларусі справаздачу. У дакуменце сцвярджаецца, што ўкраінскія дзеці, вывезеныя з акупаваных тэрыторыяў у Беларусь, выхоўваюцца паводле прарасейскіх праграмаў. Пры гэтым перасяленцы не маюць магчымасці вывучаць украінскую мову ці атрымліваць на ёй адукацыю, што ёсць парушэннем Жэнеўскай канвенцыі, бо знішчае ідэнтычнасць дзяцей.

«У дачыненні да ўкраінскіх дзяцей беларуская дзяржава спрабуе навязаць нянавісць да ўкраінцаў і чамусьці палякаў. Ім паказваюць розныя расейскія патрыятычныя фільмы і іх вельмі моцна апрацоўваюць менавіта вось у рамках прапаганды расейскага міра», – зазначае Вольга Карач, кіраўніца праваабарончага цэнтру «Наш дом» (Літва).

Як улады супрацьстаяць незалежным поглядам у Беларусі, ведаюць нават маленькія грамадзяне. Псіхолаг Вольга Вялічка працуе з дзецьмі палітзняволеных. Яна пачула каля сотні гісторыяў, калі дзеткі на ўласныя вочы пабачылі, як збівалі і забіралі іхных бацькоў, праводзілі ператрусы і чынілі ґвалт супраць іхных блізкіх.

«Дзеці палітзняволеных адчуваюць востры боль за тое, што яны не могуць праводзіць час са сваімі бацькамі. Яны даволі часта ўспамінаюць той час, калі яны былі разам. Яны гавораць пра гэта. І на іх тварах адбіваецца вялікі сум і вялікі боль», – сведчыць псіхолаг Вольга Вялічка.

Фонд салідарнасці BYSOL чарговы раз ладзіць дабрачынны збор для дзяцей беларускіх палітвязняў. Сродкі накіруюць на дапамогу ў арганізацыі летняга адпачынку. Сабралі ўжо больш за 23 000 долараў. Далучыцца да збору можна па спасылцы.

Аляксандр Дзегцяроў, «Белсат»