Таццяна Шчытцова: «У Беларусі парушаюцца правы дзяцей. З верасня яны будуць спяваць гімн і насіць форму»


Муж палітзняволенай Паліны Шарэнды-Панасюк Андрэй не бачыў сваіх дзяцей паўгода. Тыдзень таму іх удалося вывезці з Беларусі, далей ад рэжыму Лукашэнкі, які трымае ў закладніках іхную маму.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Цяпер мы разам, цяпер мы тут у Грузіі. Трэба трохі часу, каб спаткацца, перагрузіцца. Я спадзяюся, што надалей дзеці таксама будуць са мной разам. Цяпер мы ідзем у новую школу, новы садочак. Будзем дзейнічаць па абставінам», – кажа муж палітзняволенай Паліны Шарэнды-Панасюк Андрэй.

Паліна Шарэнда-Панасюк не бачыла сваю сям’ю ўжо паўтара года. Актывістку «Еўрапейскай Беларусі» суддзя з суда Маскоўскага раёну Менску Яўген Брэган адправіў у калонію на два гады, нібыта за абразу Лукашэнкі і прадстаўнікоў улады, за гвалт або пагрозу гвалту да міліцыянтаў. Пазней ёй прызначылі яшчэ год, нібыта за непадпарадкаванне турэмнай адміністрацыі. Цяпер сыны вымушаныя сталець без маці.

«Малодшаму, канечне, складаней. Усё ж такі, больш чым паўтара года мама не з намі. Ну ён, можа, патроху забывае маму. На жаль, так і ёсць. Паўтара года мінула – у сэнсе, што не бачыць, не чуе маму. Тыя лісты, якія зачытвалі мае бацькі альбо я зачытваю цяпер, успрымаюцца ўжо як ад нейкага не чужога чалавека, але ад чалавека, які дзесьці вельмі далёка», – кажа Андрэй.

З падобнай праблемай пасля жніўня 20-га ў Беларусі сутыкнуліся дзясяткі дзяцей. І гэта толькі адзін аспект парушэння іхных правоў, кажа прадстаўніца ў пытаннях адукацыі і навукі Офісу Святланы Ціханоўскай, прафесар Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэту Таццяна Шчытцова.

«Колькі бацькоў, і жанчын, і мужчынаў, цяпер сядзяць паводле надуманых тэрмінаў у калоніях і на »хіміі« або ў зняволенні, і ў іх ёсць непаўналетнія дзеці. То бок дзяцей пазбаўляюць права на жыццё ў сям’і, пазбаўляюць права на клопат бацькоў», – кажа Таццяна Шчытцова.

Самыя ж дзеці таксама пазбаўленыя права на свабоду выбару праз гэтак званае патрыятычнае выхаванне. Як заяўляюць прадстаўнікі Мінадукацыі, з новага вучэбнага года вучняў могуць прымусіць насіць школьную форму, на ўроках у іх будуць забіраць мабільныя тэлефоны, а выкананне гімну зробіцца абавязкам.

Надзея Бельская, «Белсат»