Марголін: «Кошты растуць не толькі для насельніцтва, яны растуць і для вытворцаў»


У красавіку 2022 года сярэдні заробак беларусаў склаў 1568 рублёў. Калі сярэдні заробак параўнаць з сярэднім заробкам у красавіку 2021 года, то яго падзенне склала 4 з паловаю адсоткі. З першага чэрвеня 2022 года выраслі не толькі кошты на спажывецкія тавары. Павышаюцца тарыфы на цеплазабеспячэнне: з 21-го рубля 92 капеек, да 23-ох рублёў 85-ці капеек за гігакалорыю.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Стабільны ў Беларусі і рост коштаў на паліва. 31-га траўня было чатырнаццатае з пачатку года падаражэнне: ужо традыцыйна на 2 капейкі.

«Кошты ж растуць не толькі для насельніцтва, яны растуць і для вытворцаў. А ўзровень коштаў на бензін, на дызельнае паліва – гэта значны фактар росту інфляцыі. Гэта значыць, пакуль у нас растуць цэны на бензін, дакладна таксама будуць расці цэны на ўсе тавары. Таму што кошт паліва мае такі мультыплікатыўны эфект», – адзначае эканаміст Леў Марголін.

Рост коштаў больш за ўсё б’е, вядома ж, па пенсіянерах. Афіцыйна сярэдняя пенсія ў краіне складае 548,5 рублёў. У лічбах гэта больш, чым у снежні 2021 года. Але фактычна праз інфляцыю рэальныя пенсіі ў Беларусі зніжаюцца пяты месяц запар. Калегі з радыё «Свабода» палічылі, што беларускія пенсіянеры ў канцы 2021 года на сярэднюю пенсію маглі купіць 408 кілаграмаў морквы, а цяпер – 340 кілаграмаў.

«Калі эканоміка перанасычаная даўгамі, з гэтым справіцца інакш як інфляцыяй немагчыма. І мы знаходзімся ў такім моманце, калі інфляцыя макраэканамічна лагічная. Але гэта вось сусветны кантэкст. У Беларусі, у прынцыпе, ўсё тое самае. Толькі на нашым лакальным маштабе. І тут, калі сапраўды і адкрыта, усё будзе залежаць ад таго, як будзе развівацца сітуацыя на фронце», – мяркуе эканаміст Аляксей Харкевіч.

Але кошты растуць не толькі ў Беларусі. У траўні інфляцыя ў еўразоне пабіла гістарычны рэкорд і дасягнула 8,1 адсотка. Але калі ў Еўропе асноўнай прычынаю інфляцыі было падаражэнне энерганосьбітаў, то ў Беларусі – неканкурэнтаздольнасць эканомікі, заходнія санкцыі і адток кадраў. Напрыклад ІТ-галіна за сакавік-красавік страціла больш за тры тысячы спецыялістаў. Гэта рэкордны паказнік. У дадатак да гэтага, шэраг дзяржаўных прадпрыемстваў, напрыклад «Белмедпрэпараты», рыхтуецца перайсці на чатырохдзённы працоўны тыдзень.

Пры гэтым эксперты адзначаюць, што рост коштаў на тавары забяспечыць іх наяўнасць у крамах. Пустых паліцаў, як гэта было ў СССР, не будзе.

«Чаму, а гэтаму беларуская ўлада навучылася. Яна перыядычна спрабуе рэгуляваць і тармазіць цэны на нейкія пазіцыі, але як правіла абмяжоўваецца невялікім наборам пазіцый і на не вельмі працяглы час. Таму чакаць, што ў нас знікнуць тавары, пакуль не даводзіцца. У нас хутчэй знікне магчымасць, у тых ці іншых, катэгорый насельніцтва купляць гэтыя тавары», – прагназуе Леў Марголін.

Як сцвярджаюць эксперты, так ці інакш, сітуацыя будзе пагаршацца. Менавіта ў чэрвені запрацуюць заходнія санкцыі супраць вельмі важных для Беларусі сфераў: дрэваапрацоўкі і металургіі. А гэта новыя скарачэнні, звальненні і, фактычна, гібель цэлых галінаў эканомікі.