Як жывуць дзеці палітвязняў у чаканні бацькоў на волі


Часта ад беларускіх уладаў можна пачуць, што дзеці – гэта наша будучыня і трэба іх абараняць. Аднак пра дзяцей, бацькі якіх знаходзяцца за кратамі па палітычна матываваных справах, улада не асабліва турбуецца.

Ганна Канавалава была вымушаная з‘ехаць з Беларусі разам з унукамі пасля таго, як ейную дачку, палітзняволеную Антаніну Канавалаву, асудзілі на пяць з паловаю гадоў. Антаніна была давернай асобаю Святланы Ціханоўскай. Прысуд ёй вынеслі паводле дзвюх частак артыкулу 293 – удзел у масавых беспарадках ды рыхтаванне і навучанне для ўдзелу ў іх.

«Мы ўсё праходзілі законна, у нас былі дакументы на дзяцей, дазвол ад бацькоў на выезд дзяцей за мяжу, але гэта было нечакана, гэта была ноч, і мы ішлі пешшу тры кіламетры», – распавядае Ганна Канавалава.

Хутка пакідаць краіну прымусіла небяспека, што дзяцей могуць забраць дзяржаўныя органы апекі. Пра тое, што напаткала сям‘ю, унукі Ганны Канавалавай ведалі не толькі са словаў старэйшых. На вачах дзяцей правялі два ператрусы.

«Гэта ўсё выглядала як узброены захоп, гэта было ў загарадным доме, і гэта ўсё бачылі дзеці», – узгадвае жанчына.

Не стала спадарыня Ганна хаваць і праўды пра бацькоў. Дзеці ведаюць, што маці і тата ўтрымліваюцца за кратамі.

«Яна ратавала краіну. І тата наш ратаваў краіну. Яны героі ўдваіх – мама і тата», – кажуць пра сваіх бацькоў Іван і Наста.

Узяць на сябе побытавыя справы берасцейца Андрэя Шарэнду прымусіла затрыманне жонкі, Паліны Шарэнды-Панасюк. Пяць месяцаў ён адзін гадуе двух сыноў – чатырохгадовага Стаха і адзінаццацігадовага Славаміра.

«Славамір – вялікі, ён сам усё адразу зразумеў, што адбылося, якія падзеі ў краіне, добра разумее. Малодшы дагэтуль не ўцяміў, што адбылося», – зазначае Андрэй Шарэнда.

Падтрымліваць сувязь з Палінай у сям‘і выходзіць праз ліставанне і перадачы, бо дагэтуль не ўдалося дабіцца ніводнага абяцанага спаткання.

«Больш за ўсё я сумую па маме, бо без яе неяк пуста стала, сумна, не хапае…», – дзеліцца Славамір.

Учора ж, праз пару дзён пасля таго як былі зробленыя гэтыя здымкі, Андрэя Шарэнду затрымалі і пасля допыту змясцілі пад хатні арышт.

Ці будуць падзеі, што цяпер адбываюцца ў Беларусі, – масавыя затрыманні, вобшукі і вымушаная міграцыя – траўматычнымі для наступнага пакалення, залежыць ад розных фактараў.

«Гэта залежыць ад таго, наколькі працяглае ўздзеянне на дзіця і на сям‘ю. Па-другое, гэта залежыць ад таго, наколькі будзе ўстойлівы той дарослы, які застаецца разам з дзецьмі, – гэта вельмі-вельмі важны фактар. Калі дзіця адчувае абароненасць і бяспеку ад таго дарослага, які побач, найхутчэй траўмы не будзе», – тлумачыць псіхолаг Аксана Ткачук.

На сёння ў Беларусі амаль 450 палітвязняў. Сярод іх леташні вылучэнец у кандыдаты на прэзідэнта Сяргей Ціханоўскі. З-за пагрозаў яго дзяцей вывезлі з Беларусі яшчэ падчас перадвыбарчай кампаніі. Раней Святлана Ціханоўская прызнавалася, што не казала ім праўды пра месцазнаходжання таты. Адназначнага адказу пра тое, што будзе лепшым: утойваць ці распавядаць – псіхолаг Аксана Ткачук не дае. Аднак калі вы жадаеце, каб дзіця ведала праўду, то можна паступова ўводзіць яго ў курс справаў праз гульні і аналогіі з героямі кніг і мультфільмаў.

Марыля Дакуцька, «Белсат»