Спроба суіцыду ў судзе праз катаванні


Сёння абаронца муралу на Плошчы Пераменаў Сцяпан Латыпаў спрабаваў забіць сябе, уваткнуўшы асадку ў горла. Перад гэтым ён паспеў паведаміць пра пагрозы, што яго будуць зноў катаваць і ціснуць на блізкіх людзей з боку ГУБАЗіКу.

Спроба самагубства адбылася ў судовай зале Савецкага раёну Менску. Наўпрост на паседжанні, дзе разглядалі абвінавачанні Латыпава паводле трох крымінальных артыкулаў.

Сцяпану зрабілі аперацыю. Цяпер ён на штучнай вентыляцыі лёгкіх. Жыццёва важныя органы не закранутыя.

«Паколькі немагчыма пайсці ўзяць Бастылію штурмам і вызваліць людзей, трэба казаць пра тое, у якім стане яны цяпер. І гэта мае ўплыў. Мы гэта бачым, і гэта робіцца своечасова», – лічыць юрыст Народнага Антыкрызіснага Упраўлення Арцём Праскаловіч.

Паводле бацькі Сцяпана Латыпава, больш за сем тыдняў сына трымалі ў штрафным ізалятары Следчага ізалятару на Валадарскага ў Менску разам з людзьмі з псіхічнымі асаблівасцямі. Прысутныя на паседжанні сведчаць, што ў залу мужчыну прывялі ў кайданках і са слядамі катаванняў: шнар на твары і перабінтаваная левая рука.

«Мы бачылі, як з яго горла цякла кроў, і ён трымаў дзверы нагою, каб яе не змаглі адчыніць. І ён упаў, і яму не здолелі аказаць дапамогу. Ён трымаў дзверы, каб іх не здолелі адчыніць, каб не здолелі яму дапамагчы», – кажа сведка здарэння Марына.

Судзіць Сцяпана Латыпава Аляксандр Воўк. Абвінавачанні – паводле шэрагу эпізодаў – ад удзелу ў беспарадках, вырабу пратэставай атрыбутыкі, вядзенні тэлеграм-чатаў і каналаў, супраціве міліцыі да фінансавання пратэстаў і нават махлярства. Следства заяўляе, што ягоная кампанія «Беларбо» крала грошы і аказвала неналежныя паслугі, парушала правілы абыходжання са сродкамі хімічнай абароны раслінаў, нанесла шкоду 16-ці юрыдычным асобам на суму 123 тысячы рублёў. Агулам мужчыну вінавацяць паводле трох крымінальных артыкулаў. Сцяпан сваёй віны не прызнае. Затрымалі яго яшчэ летась у верасні пасля ператрусу дома.

Сваёю прамовай Сцяпан Латыпаў пацвердзіў катаванні ў турме. Тое, што з палітвязняў здзекуюцца ў турмах, пацвердзіў і карэспандэнт «Deutsche Welle» ў Магілёве Аляксандр Буракоў. Сёння пасля 20-дзённага арышту ён разам з журналістам Уладзімірам Лапцэвічам выйшаў на волю з магілёўскага ІЧУ. Мужчыны трымалі галадаванне, але спынілі праз стан здароўя. Іх будзілі некалькі разоў за ноч, прымушалі раздзявацца дагала, рабіць расцяжку, білі па нагах, змушалі сядзець разам з так званымі асацыяльнымі элементамі.

«Калі я чарговы раз сказаў, што ёсць правілы ўнутранага распарадку, мне сказалі: «Вось, уся камера выходзіць на шмон» – мы былі ўдвох, так? Я зразумеў, што колькі я буду казаць пра ПУР, столькі будзе шмонаў. Шмон – гэта… Вось у мяне на руках засталіся такія драпіны, таму што рукі трэба было выкручваць», – лічыць журналіст «Deutsche Welle» Аляксандр Буракоў.

Незалежныя журналісты трапілі пад новую хвалю рэпрэсіяў. 30-га траўня сілавікі затрымалі галоўнага рэдактара «Hrodna.life» Аляксея Шоту. Завялі адміністратыўную справу за нібыта распаўсюд з экстрэмісцкіх каналаў і праз чатыры гадзіны адпусцілі. Сёння ж прыйшлі да рэдактаркі спецпраектаў Ірыны Новік. Яна цяпер у ізалятары ў той жа справе.

«Гэта звязана з тым, што мы – адно з апошніх, вельмі такіх жывых, моцных рэгіянальных медыяў. І ціск цяпер ва ўсіх рэгіёнах. За апошнія паўгода і на ўсходзе Беларусі, і на захадзе: Баранавічы, Берасце, Гомель, ды паўсюль, дзе яшчэ журналістыка жывая лакальная, ёсць жаданне ва ўладаў яе задушыць. Будзем працягваць працаваць далей», – кажа галоўны рэдактар «Hrodna.life» Аляксей Шота.

Афіцыйна: паводле беларускай пракуратуры, палітычныя крымінальныя справы завялі на больш як шэсцьсот восемдзесят чалавек.

Надзея Бельская, «Белсат»