Што страціла Беларусь без Еўразвязу


«Рыхтуецца дом, у якім мы будзем жыць», – так у 2004-м акрэсліла ўваход у Еўразвяз маці першага літоўскага дзіцяці, народжанага ў аб’яднанай Еўропе. Нашая паўночная суседка – адная з дзесяці краінаў, што далучыліся да Еўразвязу ў выніку найбуйнейшага пашырэння блоку ў гісторыі. Паводле даследаванняў грамадскай думкі Еўракамісіі «Eurobarometer», Літва і цяпер у ліку найбольш праеўрапейскіх краінаў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Паводле Дзяржаўнага агенцтва звестак Літвы, за дваццаць гадоў чалецтва ў Еўразвязе сярэдні заробак і пенсіі ў краіне павялічыліся ў пяць разоў, а валавы ўнутраны прадукт на душу насельніцтва – больш чым у чатыры з паловаю. Летась ён склаў дваццаць пяць тысяч еўраў. З моманту ўваходу ў Еўразвяз колькасць кампаніяў у Літве вырасла больш як утрая.

Не горшыя паказнікі дэманструе і нашая заходняя суседка – Польшча.

«Калі Польшча ўступала ў Еўразвяз дваццаць гадоў таму, узровень сярэдняга даходу жыхара складаў толькі сорак адсоткаў ад нямецкага. Цягам гэтых дваццаці гадоў Польшча стала краінаю, у якой эканоміка развіваецца найхутчэй у Еўропе. Праз гэта сярэдні даход жыхара Польшчы павялічыўся да больш як сямідзесяці адсоткаў нямецкага ўзроўню», – кажа польскі эканаміст, прафесар Акадэміі фінансаў і бізнесу «Vistula» Вітальд Арлоўскі.

Экспарт у краіны Еўразвязу вырас за гэты час у сем разоў, падкрэслівае эканаміст. Другая значная змена – змяншэнне беспрацоўя ў краіне з дваццаці трох да трох адсоткаў. І калі адразу пасля ўваходу ў Еўразвяз з Польшчы выехалі да мільёна жыхароў, ужо праз некалькі гадоў гэты працэс спыніўся.

«І трэцяя змена (тое, што перадусім заўважаюць людзі) – гэта паляпшэнне якасці жыцця. Гэта новыя дарогі, моцна папраўленая інфраструктура, новыя аэрапорты, хуткасная чыгунка. Гэта прывяло да таго, што нават тыя, хто не можа сказаць, што ягоныя даходы дзякуючы Еўразвязу моцна павялічыліся, бачаць няўзброеным вокам, што Польшча змянілася, стала сучаснейшаю, чым была раней», – кажа Вітальд Арлоўскі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Сцяг Еўразвязу. Брусель, Бельгія. 21 чэрвеня 2022 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Пашырэнне Еўразвязу аказалася выгадным для новых чальцоў праз свабоднае перамяшчэнне паслугаў, капіталу і людзей. А таксама праз доступ да рынку, на якім – паўмільярда спажыўцоў. Да параўнання: у Расеі іх толькі сто сорак мільёнаў. Таму інтэграцыя Беларусі з усходняй суседкай – няслушны выбар, мяркуе спецыяліст у міжнародных эканамічных стасунках Алесь Чайчыц:

«Мэтай інтэграцыі і яе вынікам стала кансервацыя паўсавецкай неэфектыўнай беларускай эканомікі, гэтых індустрыяльных гігантаў, што былі арыентаваныя на савецкі рынак, але неканкурэнтаздольныя ў міжнародным маштабе».

Праблемы беларускай эканомікі прызнае нават Лукашэнка:

«Перш за ўсё, падзенне якасных паказнікаў развіцця прадпрыемстваў, рэнтабельнасць не дацягвае да ўзроўню 2022 года, расце колькасць стратных прадпрыемстваў і сумы гэтых стратаў».

Шлях, які нашыя суседзі пачалі два дзесяцігоддзі таму, нам давядзецца праходзіць пасля дэмакратычных зменаў у Беларусі. Гэта і эканамічныя ды прававыя рэформы для прыцягвання інвестараў, і павелічэнне долі прыватнага сектару ў эканоміцы.

«Гэта будуць скарачэнні, гэта будзе моцная рэструктурызацыя, продаж няпрофільных частак кампаніяў, але гэта – неабходнае зло. І тут, канечне, спатрэбіцца дапамога, каб сацыяльныя страты змякчыць для людзей, якія страцяць працу», – кажа Алесь Чайчыц.

Пры гэтым цяперашнія ўлады ўсцяж называюць беларускую эканоміку сацыяльна арыентаванай. А рост даходаў насельніцтва на мінулым Усебеларускім народным сходзе назвалі адным з ключавых дасягненняў. Але па таннейшыя ды якаснейшыя тавары беларусы дагэтуль ездзяць у суседнія Літву і Польшчу.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»