1 траўня: хто абароніць правы працоўных беларусаў?


Узнагароды ад чыноўнікаў, кветкі і безліч дзяржаўнай сімволікі. У Беларусі афіцыйна адзначаюць Свята працы. Традыцыйна гэты дзень не абыходзіцца без канцэртаў ды народных гулянняў. А вось у Бярэзіне на Першамай пастанавілі яшчэ і ўдарыць роварным прабегам.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«За стогаловую гісторыю гэтае свята перакруцілі, перафарматавалі. І шмат людзей нават не ведае сэнс яго. У Беларусі яно цяпер увогуле называецца Свята працы і вясна. І людзі ў гэты дзень едуць на лецішчы, у кагосьці пачынаецца сезон агародаў», – кажа прадстаўнік «Рабочага руху» Аляксандр Сакалоў.

Пра сапраўдны сэнс Свята працы ў сваім звароце нагадала Святлана Ціханоўская:

«Сёння ў нашай краіне святкуюць першага траўня – дзень, які першапачаткова сімвалізаваў барацьбу за правы працоўных і адстойванне сацыяльнай справядлівасці. Аднак у Беларусі мы сутыкаемся з трагічнай іроніяй: абвясціўшы першага траўня святочным днём, улада актыўна душыць незалежныя прафсаюзы і абмяжоўвае правы рабочых».

У чэрвені 2022 года Вярхоўны суд зліквідаваў Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў і чатыры яго сяброўскія арганізацыі. Старшыню асацыяцыі Аляксандра Ярашука рэжым кінуў за краты, прысудзіўшы чатыры гады калоніі быццам за заклікі да санкцыяў. У зняволенні застаюцца і іншыя лідары беларускіх незалежных прафсаюзаў.

«Чым заміналі? Тым, што мы добра працавалі і нават працягваем у выгнанні працаваць з Міжнароднай арганізацыяй працы. То бок мы кантралюем выкананне ўсіх тых канвенцый, якія беларуская дзяржава ратыфікавала. Мы пішам свае каментары на тыя парушэнні міжнародных нормаў, міжнародных канвенцый, якія робіць беларуская дзяржава», – патлумачыў выканальнік абавязкаў старшыні Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Максім Пазнякоў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Менск, Беларусь. 9 траўня 2021 года.
Фота: АВ / Белсат

Цяпер у Беларусі засталася толькі праўладная Федэрацыя прафсаюзаў. І яна нібыта мусіць абараняць правы працоўных. Але фактычна гэтая структура, якая больш за дваццаць гадоў падкантрольная Лукашэнку, мае зусім іншыя задачы. Перш за ўсё – перадухіляць страйкі на прадпрыемствах ды выяўляць нелаяльныя рэжыму кадры, кажа Максім Пазнякоў:

«Гэта вось такі кантралюючы орган. Ну, так, яны справаздачыцца, калі там у нейкай прыватнай кампаніі адсудзілі нейкі заробак. Ну, такія лёгкія парушэнні. Ну, трэба нешта рабіць, нейкую дзейнасць паказваць».

Тым часам у Беларусі нарастае дэфіцыт кадраў на фоне ўнутрыпалітычнага крызісу. Паводле дадзеных Белстату, за тры гады колькасць працаўнікоў у краіне скарацілася амаль на 170 000 асобаў. Калі ў 2020 годзе ў беларускай эканоміцы былі занятыя амаль 4 320 000 асобаў, то летась – каля 4 150 000.

«Гэткі дэфіцыт кадраў можа працягвацца вельмі доўга. Пытанне ў тым, дзе гатовыя спыніцца ўлады ў Беларусі. Таму што ад таго, што ў нас ствараецца дэфіцыт кадраў, у першую чаргу пакутуе эканоміка. Гэта наш ВУП, гэта нашая здольнасць вырабляць канкурэнтаздольную прадукцыю. Гэта якасць вытворчасці, гэта колькасць вытворчасці», – патлумачыла эканамістка Аліса Рыжычэнка.

Нястачу кадраў прызнаў і Лукашэнка. Ды запрапанаваў чарговую захаду, як скасаваць праблему – працаўладкоўваць пенсіянераў. Да таго ж, каб забяспечыць прадпрыемствы кадрамі, сёлета рэжым збіраецца ўвесці абавязковае размеркаванне для студэнтаў платнай формы навучання.

Ірына Юр’ева, «Белсат»