Запарожжа прымае ўцекачоў


У гульнявым пакоі запарожскага інтэрнату збіраюцца дзеці з часова акупаваных паселішчаў, якія штодня абстрэльвае расейскае войска. Юлія з сяла Малінаўка, што побач з Гуляйполем, прыехала з шасцігадовым Маркам. І толькі тут пачула, як зноў смяецца ейнае дзіця. Паводле Юліі, іх вывозіў адзін хлопец: пасадзіў у «Запарожац» восем чалавек і сабаку.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Сужэнцы Тамара і Віктар выехалі з Мар’інкі, што ўсяго за 30 кіламетраў ад Данецку. Заставаліся ў родным горадзе, нават калі іхны дом быў знішчаны. Але апошнім часам там стала зусім невыносна.

«Калі трапілі ў наш дом, ён згарэў, – узгадвае пенсіянерка. – Усё згарэла, мы ў чым былі – у тым і выскачылі. Мы яшчэ ў школе ў бамбасховішчы месяц пражылі. Ну, а калі і там абстралялі, нас вывезлі валанцёры».

Цяпер Тамара і ейны муж бавяць дні ў маленькім пакоі. Тут ледзьве хапае месца на дваіх. З бытавых выгодаў – ложкі, тэлевізар і лядоўня. Але ўсё чужое. І што далей – невядома.

«Ні грошай, нічога няма, – кажа Віктар. – Куды паедзеш, каму ты патрэбны?»

Сярод пастаяльцаў гэтага запарожскага цэнтру – маламабільныя людзі ў веку і семʼі з дзецьмі. Усім дапамагаюць псіхолагі ды юрысты. Хто можа, спрабуе шукаць хоць які заробак на новым месцы. Камусьці тое ўдалося ці іх перавялі са службы ў Запарожжа.

Жыць і харчавацца ў цэнтры можна бясплатна. Кормяць сняданкамі ды абедамі. Кухарка Аксана сцвярджае, што стараецца рабіць разнастайнае меню:

«Звычайна гэта супы, кашы розныя, мясныя гуляшы, булкі, салодкае, пампушкі. Робім сухарыкі, узвары, гарбаты, сокі».

У цэнтры ёсць інтэрнэт і сучасная бібліятэка. А найбольш частыя запыты – на класічныя ўкраінскія творы.

«Чытаюць і Кацюбінскага, і “Кабзара” Шаўчэнкі, чытаюць таксама раманы – на любы густ. Людзі спрабуюць знайсці тое, што ім цікава», – адзначыла бібліятэкарка Наталля Лявадная.

Амаль усе тутэйшыя пастаяльцы мараць вярнуцца ў родны дом. Але пакуль раяць усім, у каго толькі ёсць магчымасць, выязджаць і вывозіць дзяцей з прыфрантавых паселішчаў, каб адчуваць сябе ў бяспецы.

Марына Яновіч, Арына Патоцкая, Алег Мароз, «Белсат»