Прэзідэнт Узбекістану змяніў Канстытуцыю і зможа балатавацца яшчэ 17 гадоў


Зможа быць прэзідэнтам да 2040 года. Ва Узбекістане завяршыўся рэферэндум аб зменах у Канстытуцыю, якія дазволяць Шаўкату Мірзіёеву заставацца пры ўладзе яшчэ 17 гадоў. Праект абноўленага асноўнага закону краіны падтрымалі больш за 90 адсоткаў тых, хто прыйшоў у гэтую нядзелю на ўчасткі для галасавання. У той жа час журналісты і праваабаронцы зафіксавалі падчас плебісцыту шэраг парушэнняў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Сацыяльная, прававая і свецкая дзяржава. Менавіта такім пасля зменаў у Канстытуцыю, за якія галасавалі напярэдадні, абвяшчаецца Узбекістан.

Згодна з папраўкамі, якія закранулі 65% асноўнага закону краіны, дзейны кіраўнік краіны Шаўкат Мірзіёеў зможа даслужыць свой ужо другі пяцігадовы прэзідэнцкі тэрмін, а гэта яшчэ тры гады. Пасля гэтага ён будзе мець магчымасць балатавацца на прэзідэнцтва яшчэ двойчы – і кіраваць кожны раз па сем гадоў.

«Уводзячы нейкія квазіправавыя нормы, падставы дзеля таго, каб апраўдаць абнуленне папярэдніх тэрмінаў і ісці на новы тэрмін. Але самыя выбары не будуць ніякім чынам адпавядаць нормам свабодных і справядлівых выбараў», – падкрэслівае палітолаг Алішэр Ільхамаў, дырэктар Цэнтру аналізу палітычных рызыкаў у Цэнтральнай Азіі.

Паводле звестак Цэнтрвыбаркаму краіны, яўка на рэферэндум склала больш за 84%, а за абнуленне прэзідэнцкіх тэрмінаў прагаласавалі больш за 90% выбарнікаў.

«Я прачытала старую Канстытуцыю і новыя папраўкі. Мне вельмі падабаецца новая. Папярэдняя была нядрэнная. Дзякуй нашаму прэзідэнту, што Канстытуцыя вельмі добра напісана, і яна адклікаецца ў сэрцы народу», – кажа адная з выбарніц на ўчастку ў Ташкенце.

«Раней шырокая грамадскасць не была ўцягнутая ў такія палітычныя мерапрыемствы, а цяпер людзі ідуць сюды, таму што ім цікава. За апошнія сем гадоў у нашай краіне адбылося шмат зменаў, і я веру, што іх будзе яшчэ больш у будучыні», – кажа іншы выбарнік.

Не абышлося на галасаванні і без парушэнняў. Самыя распаўсюджаныя: галасаванне за чальцоў сям’і, а таксама выдача на рукі больш за адзін бюлетэнь. Фіксавалі назіральнікі і выпадкі, калі чальцы камісіяў самыя галасавалі, як на адным з відэа з Ташкенту.

Улады паведамілі, што гэтым выпадкам ужо займаецца пракуратура.

Практыку абнулення прэзідэнцкіх тэрмінаў апрабаваў на сабе і папярэднік Мірзіёева Іслам Карымаў, які ініцыяваў падобны рэферэндум у 2002 годзе.

Гэткім шляхам у 2020 годзе пайшоў і прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін.

А адным з першых на постсавецкай прасторы, хто займеў поспех у гэтай няхітрай справе, стаў Аляксандр Лукашэнка. Абнуліўшы ў 1996-м годзе свой тады яшчэ першы прэзідэнцкі тэрмін, праз восем гадоў ён дазволіў сабе – таксама праз змены ў Канстытуцыю – балатавацца на прэзідэнцтва неабмежаваную колькасць разоў.

«Усе ведаюць, што гэта чалавек, якому не да законаў. І канстытуцыя – гэта нішто для яго, пусты абсалютна гук. Ад Мірзіёева ж яшчэ чагосьці чакаюць. І калі паглядзець, якія змены ў гэтай Канстытуцыі прапісаныя, то там, уласна кажучы, можна павесціся на такую ілюзію лібералізацыі», – заўважае эксперт у нееўрапейскіх цывілізацыях Яўген Красулін.

А гэта, сярод іншага, адмена смяротнага пакарання, прыватная ўласнасць на зямлю, права заканадаўчай ініцыятывы. Разам з тым праваабаронцы з арганізацыі «Human Rights Watch» у сваёй апошняй справаздачы адзначаюць, што сёлетні рэферэндум праходзіць у той час, калі ва Узбекістане працягваецца ціск на журналістаў і блогераў, а праціўнікі ўладаў, у тым ліку ўдзельнікі леташніх пратэстаў у Каракалпастане, зазнаюць жорсткае абыходжанне і збіццё ў турмах.

«Дэмакратыі і развіцця дэмакратычных інстытутаў у краіне няма. І я думаю, што гэтая сітуацыя прывядзе да таго, што будзе расці спіс палітычных зняволеных і спіс палітычных імігрантаў. Гэта той самы індыкатар, які паказвае развіццё дэмакратычных інстытутаў у краіне», – кажа прэзідэнтка асацыяцыі «Правы чалавека ў Цэнтральнай Азіі» Надзея Атаева.

Праект паправак у асноўны закон узбекскія ўлады апублікавалі яшчэ год таму. Першапачаткова ў мірзіёеўскую Канстытуцыю не ўвайшоў артыкул, які б дазваляў аўтаномнасці Каракалпакстану – заходняга рэгіёну краіны. Акурат гэта і прывяло да пратэстаў, якія ўлады жорстка здушылі: як мінімум 21 асоба загінула, 270 пацярпелі, больш за 40 чалавек трапілі пад крымінальны пераслед.

Віталь Бабін, «Белсат»