Куды знікае мяса?


Першага траўня многія беларусы традыцыйна выязджаюць на шашлыкі, карыстаючыся выходным днём. Аднак напярэдадні сёлетняга свята працоўных стала вядома, што ў Беларусі – складанасці з пастаўкамі ў крамы галоўнага кампанента шашлыка: мяса. Глабальнага дэфіцыту няма, але скарачаецца асартымент, пішуць незалежныя медыі. У чым можа быць прычына?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Беларускі гандаль скардзіцца, што пастаўляльнікі не заўсёды задавальняюць заяўкі крамаў на ялавічыну і птушку. Інфармацыю апублікаваў «Спутник Беларусь».

«У Беларусі гэта – перыядычная з’ява, калі чагосьці не хапае. Мы бачым, што і з яйкамі такое было некалькі месяцаў таму, потым яны забаранялі на вываз яблыкі, цыбулю і нейкую гародніну», – заўважае эканаміст Віталь Алейнік.

Цяпер нібыта ўзніклі праблемы з мясам. Улады ж сцвярджаюць, што ніякага дэфіцыту няма.

«Беларусамі спажываецца меней за 30 адсоткаў ад вырабленага мяса птушкі і свініны, меней за 3 адсоткі ялавічыны. Рэшта прадукцыі рэалізуецца на экспарт. На цяперашні час спажывецкі попыт насельніцтва на свініну, ялавічыну і мяса птушкі задавальняецца ў поўным абʼёме і неабходным асартыменце», – заявілі ў Міністэрстве антыманапольнага рэгулявання і гандлю.

Паводле нашага апытання, істотнае скарачэнне мяснога асартыменту заўважылі 30 адсоткаў чытачоў «Белсату». Змяншэнне паставак мяса ў крамы цалкам можа быць вынікам санкцыяў.

«Сельская гаспадарка ў нас таксама досыць моцна залежыць ад імпарту, як бы дзіўна гэта ні гучала. Мы завозім і дадаткі да камбікармоў, і быкоў-асемяняльнікаў, і гэтак далей», – тлумачыць эканамістка Аліса Рыжычэнка.

Адсутнасць імпарту ўплывае на абʼёмы вытворчасці ды якасць мясной прадукцыі. Яшчэ адна імаверная прычына скарачэння асартыменту – больш актыўны, чым раней, вываз мясных вырабаў з Беларусі за мяжу.

«Нашая дзяржава адчувае вялікі дэфіцыт экспартнай выручкі. Таму прадпрыемствам даводзяць заданне на выкананне плану па ёй. Такім чынам бюджэт папаўняецца валютай. А прадукцыя ідзе на экспарт», – тлумачыць спецыяліст у сельскай гаспадарцы Мікалай Лысянкоў.

На абʼёмы экспарту ўплывае і дырэктыўнае рэгуляванне цэнаў у крамах, якое ўвялі на загад Лукашэнкі, кажа Аліса Рыжычэнка.

«Праз рэгуляванне цэнаў нашмат выгадней стала прадаваць мяса за мяжу. У тую самую Расею. Пры гэтым у нас няма абмежаванняў на экспарт мяса туды», – распавядае Аліса Рыжычэнка.

Зрэшты, затрыманне паставак можа быць ініцыятываю самых пастаўляльнікаў. Магчыма, хочуць прытрымаць мяса на складах да часу, калі цэны нарэшце адпусцяць, і тавар можна будзе прадаць з большаю выгадаю.

«Мяса гадамі можна трымаць у глыбокім замарожванні. Паляжыць яно так адзін дзень ці пару гадоў – просты спажывец гэтай розніцы не заўважыць», – кажа Мікалай Лысянкоў.

Пра глабальны дэфіцыт пакуль гаворка не ідзе. Чытачы «Белсату» адзначаюць, што скарачаецца выбар больш танных мясных вырабаў, якія звычайна набываюць людзі з невысокімі даходамі.

Валянцін Васіленка, «Белсат»