67 дзён поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну


З пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну мінае 67 дзён. 67 дзён гора, болі і пакутаў. А яшчэ сёння, 1 траўня, пакуль у Расеі смажаць шашлыкі, ва Украіне мір толькі сніцца. І тое, калі атрымаецца паспаць.

Раніцай у Мікалаеве прагрымеў магутны выбух. Адразу пасля інцыдэнту з’явіўся слуп дыму памаранчавага колеру, фота апублікаваў кіраўнік Мікалаеўскай абласной ваеннай адміністрацыі Віталій Кім. Паводле яго, расейскія акупанты пацэлілі ў сховішча мінеральных угнаенняў з салетрай і нітраамафоскай. Правяралі склад паветра – чыста.

Мікалаеў – важны горад. Цяпер ён служыць свайго кшталту фарпостам на шляху расейскіх войскаў у Адэсу. А ў жамчужыне Чарнамор’я неўзабаве ўвядуць доўгую каменданцкую гадзіну. Там рыхтуюцца да магчымых правакацыяў на гадавіну падзеяў 2 траўня. Нагадаем, 2 траўня 2014 года ў Адэсе адбыліся сутычкі. У выніку, паводле МУС Украіны, загінулі каля 50 чалавек, большасць з іх – пры пажары ў Доме прафсаюзаў, дзе ўдзельнікі «Антымайдану» спрабавалі схавацца пасля сутыкнення з патрыётамі Украіны на плошчы Кулікова Поле.

А тут яшчэ і Генштаб Збройных сілаў Украіны заяўляе, што ў гэтыя хвіліны расейцы ствараюць умовы для наступу на Мікалаеў і Крывы Рог.

Але не ўсё так проста. Збройныя сілы Украіны не стамляюцца працаваць. З пачатку ўварвання Расея страціла 1026 адзінак танкаў, 155 верталётаў і 192 самалеты.

Пры гэтым газета «The New York Times» паведамляе, што Украіна неўзабаве можа атрымаць славацкія МіГ-29. Выданне падкрэслівае, што гэта рашэнне самой Славаччыны і не ёсць рашэннем NATO.

Паводле Генштабу Збройных сілаў Украіны, страты асабовага складу расейскага войска на сённяшні дзень складаюць 23 500 чалавек. У Бураціі адзначаюць, што смяротнасць сярод мужчынаў ва ўзросце ад 18 да 45 гадоў вырасла на 70 адсоткаў. А сярод мужчынаў да 30 гадоў – на 270 адсоткаў.

Сярод загінулых не толькі салдаты і афіцэры сярэдняга звяна.

Дарадца міністра ўнутраных справаў Украіны Антон Герашчанка паведаміў, што сёння ў абед нешта вельмі моцна бахнула ў Ізюме непадалёк штабу 2-й арміі Расейскай Федэрацыі. Чыноўнік удакладняе, што выбух быў там жа, дзе месціцца стаўка начальніка Генеральнага штабу расейцаў Валерыя Герасімава.

Добрыя навіны і з Марыупалю. Там пачалася эвакуацыя цывільных з «Азоўсталі». Кіраўнік фракцыі «Слуга Народу» Давід Арахамія адзначыў, што упершыню з пачатку блакады «Азоўсталі» Украіне ўдалося вывезці прыблізна 100 цывільных. Гэта маленькія дзеці, гэта жанчыны, а таксама людзі сталага веку.

Тым часам СБУ правяла шматэтапную спецаперацыю, падчас якой нейтралізавала глыбока заканспіраваную дыверсійна-выведную групу ворага. Агенты Генштабу Узброеных сілаў РФ рыхтавалі тэракт – планавалі збіць пасажырскі самалёт над тэрыторыяй Расеі ці Беларусі. Аб гэтым расказаў спікер СБУ Арцём Дэхцярэнка.

А ў Кіеве высокія госці. У сталіцу Украіны на знакамітым цягніку прыбыла спікер Палаты прадстаўнікоў ЗША Нэнсі Пэлоўсі. Адметна, што ейны візіт не анансаваўся. Падчас сустрэчы з Уладзімірам Зяленскім Пэлоўсі заявіла, што Злучаныя Штаты будуць падтрымліваць Украіну, пакуль яна не завершыць барацьбу ў гэтай вайне.

Руслан Ігнатовіч, «Белсат»