Змены ў красавіку: бясплатны роўмінг і адмена абмежаванняў на выезд з краіны


Больш за год закрытай мяжы – і вось прычакалі. З трэцяга красавіка здымаюцца абмежаванні па мінанне наземных межаў Беларусі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Вярнулі норму, адмовіліся ад нейкіх абсалютна абсурдных для 21-га стагоддзя абмежаванняў, калі цэлай краіне быў забаронены выезд за мяжу. Гэта было вяртанне ў нейкім сэнсе ў савецкі таталітарны рэжым», – лічыць палітолаг Валер Карбалевіч.

Часовае прыпыненне выезду з краіны пачало дзеяць у канцы 2020-га, нібыта праз каронавірус. Скасаванне абмежаванняў Валер Карбалевіч звязвае з цяжкой эканамічнай сітуацыяй у краіне – замежныя кампаніі згортваюць дзейнасць, шэраг фірмаў рэлакуецца, дзеюць жорсткія санкцыі.

«У сітуацыі, калі ўсё валіцца і трашчыць і грошы ідуць з краіны – любыя, нават слабенькія, ручайкі лепшыя, чым нічога. Таму ўлады і шукаюць хоць нейкія пункты, што маглі б дапамагчы», – кажа Валер Карбалевіч.

Мяжы з Расеяй, дарэчы, абмежаванні на выезд не тычыліся. А з красавіка патаннеў і роўмінг з гэтай краінаю. Цяпер беларускія абаненты могуць бясплатна прымаць уваходныя званкі ў Расеі, а расейскія – у Беларусі, што праўда, толькі 40 хвілінаў штомесяц. Бясплатныя зыходныя званкі абяцаюць да пачатку чэрвеня. На сённяшнюю навіну нашыя гледачы адрэагавалі саркастычна:

«Оркі скардзяцца, што маме на «Раісю» дорага тэлефанаваць».

«Няхай Лу цяпер Пу тэлефануе».

«Зняволеным дазволілі кантактаваць бясплатна з суседнімі камерамі».

Глядзіць у бок Расеі і беларускі «Альфа-банк». У красавіку ён плануе пачаць выпуск картак «Белкарт-Мир», якімі можна будзе расплачвацца ў расейскіх сэрвісах.

З пачатку красавіка зменены закон «Аб гарантаванай кампенсацыі банкаўскіх укладаў фізічных асобаў». У выніку зменаў беларусы могуць пазбавіцца магчымасці абскардзіць адмову банкаў вяртаць уклады. А індывідуальныя прадпрымальнікі атрымліваюць магчымасць хутчэйшага вяртання грошай пры банкруцтве банку.

«Цяпер, вядома, прадпрымальнікі ў больш выгодным становішчы. Яны нічога не робяць, нічога для іх не змянілася, але цяпер, калі банк абанкруціцца, то яны будуць мець такія ж правы, як любыя іншыя фізічныя асобы, то бок будуць перакананыя, што іхныя грошы вернуцца ў найкарацейшыя тэрміны», – тлумачыць эканаміст Аляксей Харкевіч.

Робіцца ж гэта не дзеля прадпрымальнікаў, лічыць эканаміст, а дзеля павелічэння падушкі бяспекі агенцтва, адказнага за гарантаванае вяртанне ўкладаў. Гарантавана вярнуць такім чынам можна будзе абмежаваную суму, кажа Аляксей Харкевіч:

«Сто тысяч беларускіх рублёў. Але гэта для аднаго банку. Такім чынам ствараюць стымул, каб прадпрымальнікі, у якіх больш сродкаў, распылялі свае дэпазіты па розных банках».

З красавіка ў Беларусі ўведзеныя новыя стандарты – на абутак са штучных матэрыялаў, на альтэрнатыўныя метады выпрабаванняў парфумерна-касметычнай прадукцыі. Абавязковай сертыфікацыі падлягае нетытунёвая прадукцыя, што змяшчае нікацін, у тым ліку – электронныя цыгарэты. У органах Дзяржкамітэту судовых экспертызаў пачала дзейнічаць сістэма онлайн-рэгістрацыі на агляд транспартнага сродку, а пасылку на пошце цяпер можна атрымаць з дапамогаю СМС.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»