ЗСУ могуць пакінуць Бахмут?


У ноч на 1-га сакавіка Расея атакавала Украіну з паўночнага напрамку ўдарнымі беспілотнікамі тыпу «Шагэд». Усе чатыры БПЛА-камікадзэ былі знішчаныя сіламі і сродкамі супрацьпаветранай абароны, паведамілі ў паветраных сілах ЗСУ. Паводле вайсковай выведкі Вялікай Брытаніі, Расея спрабуе яшчэ больш расцягнуць украінскую паветраную абарону.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

На ўсходзе Украіны працягваюцца кровапралітныя баі. За мінулыя содні ўкраінскія абаронцы адбілі больш за 85 нападаў расейцаў на пяці кірунках. Намеснік міністра абароны Ганна Маляр заявіла, што камандуючы сухаземнымі войскамі ЗСУ Аляксандр Сырскі пастанавіў адправіць дадатковыя падраздзяленні ў раён Бахмуту Данецкай вобласці. Гэтае рашэнне яна назвала не палітычным, а выключна ваенным. Палкоўнік запасу ЗСУ Раман Світан растлумачыў нам, чаму гэта так:

«Бахмут сам па сабе з’яўляецца ўмацаваным раёнам, які ўбудаваны ў агульную сістэму абароны данецкага фронту. Гэта адна з цаглінак сістэмы абароны. Таму пакіданне Бахмуту з ваеннага пункту гледжання пагоршыць пэўныя нашыя абаронныя мерапрыемствы. Іх давядзецца перакладаць на захад. Таму, Бахмут будзе ўтрымлівацца да таго часу, пакуль гэта будзе магчыма».

Паводле вайсковага аглядальніка Міхайла Жырохава, камандуючы сухаземнымі войскамі ЗСУ Аляксандр Сырскі прапрацоўваў і адыход украінскага кантынгенту з гораду з найменшымі стратамі:

«Сітуацыя з ваеннага гледзішча пагрозлівая. Там цяпер толькі адзін шлях для паставак боепрыпасаў. Таму гэта праблема. Я думаю, што ўкраінскі Генеральны штаб мае планы і абароны, планы далейшых дзеянняў. Бо за Бахмутам за гэты час пабудаваныя дзве, а можа, і тры лініі абароны. Падзенне Бахмуту не будзе катастрафічным і не створыць грунту для далейшага наступу расейцаў».

Напружаная сітуацыя і на паўднёвым захадзе Украіны. ЗСУ былі вымушаныя засяродзіць групоўку сваіх войскаў на мяжы з акупаваным Расеяй Прыднястроўем. У Крамлі палохаюць: маўляў, Украіна рыхтуе ўварванне ў Тыраспаль. У Кішэнэве пры гэтым ладзяць мітынгі прарасейскіх сілаў. А ў самым Прыднястроўі пачаліся вайсковыя зборы. Якая імавернасць ваеннага канфлікту на гэтым напрамку бліжэйшым часам?

«Сітуацыя вакол Прыднястроўя нагнятаецца штучна. Магчымасцяў Расеі рабіць там дзяржаўны пераварот, нейкія іншыя моманты – проста няма. Каб зрабіць там нейкі пераварот ці яшчэ нешта, расейцам патрэбныя дадатковыя сілы. Перакінуць іх праз Адэскую вобласць марскім дэсантам ці нейкімі самалётамі немагчыма. Сістэма СПА Украіны не дасць гэтага зрабіць», – мяркуе Міхайла Жырохаў.

А тым часам першыя заходнія танкі «Леапард» паступаюць ва Украіну. Вайсковыя эксперты прагназавалі контрнаступ украінскіх войскаў увесну. Раман Світан кажа, што больш імаверна яго чакаць у канцы сакавіка:

«Украінскія войскі гатовы выконваць пэўныя контрнаступальныя дзеянні. Але з ваеннага пункту гледжання аптымальны варыянт – тады пачынаць іх, калі расейцы выдыхнуцца. І на проціходзе ўжо лавіць расейскія войскі. Тады, калі яны будуць стомленыя, выдыхлыя і выкарыстаюць пэўны боезапас. І тады пайсці ў контрнаступленне. Гэта самы лепшы варыянт па законах вядзення ваенных дзеянняў. Хутчэй за ўсё гэта адбудзецца праз некалькі тыдняў».

Паводле тэлеграм-каналу «Сообщество железнодорожников Беларуси», 27-га лютага з нашай краіны праз Расею і далей на фронт да расейска-ўкраінскай мяжы выправіўся трэці за тыдзень эшалон з расейскаю вайсковаю тэхнікай і асабовым складам расейцаў, якія навучаліся ваяваць на нашай тэрыторыі.

Руслан Ігнатовіч, «Белсат»