Што адбываецца з дабрабытам беларусаў?


Паводле Нацыянальнага банку, беларусы вінныя фінансавым установам краіны мільярды рублёў. І запазычанасць расце: як па жыллёвых крэдытах, гэтак і па спажывецкіх і нават па картах растэрміноўкі. Ці азначае гэта, што беларусы збяднелі, а фінансавая сістэма краіны пад пагрозай? І як адбіваюцца негатыўныя тэндэнцыі ў эканоміцы на дабрабыце беларусаў?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

17 мільярдаў рублёў – гэта запазычанасць беларусаў перад банкамі, яна ўвесь час расце, піша Нацыянальны банк. Ці пагражае гэта эканамічнай стабільнасці? Фінансавага апакаліпсісу лічбы не вястуюць, кажа эканамістка Аліса Рыжычэнка. Бо самі грошы патаннелі праз інфляцыю. Але колькасць крэдытаў, узятых на побытавую тэхніку і гэджэты, паводле назіранняў эканамісткі, зменшылася ўдвая.

«Людзі цяпер больш схільныя ашчаджаць, або ім хапае выключна на ежу, і ніякіх новых тэхналогіяў яны не набываюць, не набываюць нічога ў дом. Гэта, вядома, сумная сітуацыя, якая адлюстроўвае сітуацыю ў эканоміцы», – кажа Аліса Рыжычэнка.

Ежа для беларусаў, паводле свежых звестак Белстату, – гэта амаль 40 % выдаткаў. Для параўнання: у адной з найбяднейшых краінаў Еўразвязу, Румыніі, гэты паказнік – каля 25 %. У нашых суседзяў – Літвы, Латвіі, Польшчы – лічба вагаецца каля 20 %. Найменей на ежу выдаткоўваюць жыхары Ірландыі: меней за 10 % ад усіх выдаткаў хатніх гаспадарак.

«Гэта велічэзная доля выдаткаў. І гэта кажа пра тое, што ў нас маленькія даходы і вельмі высокія цэны ў суадносінах з нашымі даходамі. Чым горш людзі жывуць, чым болей яны выдаткоўваюць на ежу, тым меней яны маюць грошай на штосьці іншае, што яны маглі б унесці ў эканамічны працэс», – мяркуе Аліса Рыжычэнка.

Але, паводле беларускіх стандартаў, афіцыйна бедных у краіне толькі каля чатырох адсоткаў. Гэта асобы, даходы якіх ніжэйшыя за вызначаны ўладамі пражыткавы мінімум – 340 рублёў.

«Калі паглядзець на апошнія 10 гадоў, то паказнік малазабяспечанасці паступова зніжаўся. І апошнім часам вагаўся на адным узроўні», – кажа старэйшая навуковая працаўніца «BEROC» Анастасія Лузгіна.

Істотнае скарачэнне беднасці ў Беларусі адбывалася з пачатку нулявых – пісалі аналітыкі Сусветнага банку ў 2017 годзе. Яны звязвалі гэта з тагачасным эканамічным ростам. Адначасова Сусветны банк пісаў, што фактары росту сябе вычарпалі. Зніжаўся попыт на беларускія тавары ў Расеі, старэлі сродкі вытворчасці, расла даўгавая нагрузка на бюджэт, даражэлі расейскія энерганосьбіты. Але пасля пачатку вайны ва Украіне Расея зафіксавала для Беларусі цану газу на тры гады. Вырас і попыт на беларускія тавары на расейскім рынку, сцвярджае Менск.

Галоўнае пытанне – ці здолеюць улады напоўніць бюджэт, каб па-ранейшаму выплочваць сацыяльную дапамогу, пенсіі і падтрымліваць хаця б цяперашні ўзровень заробкаў? Бо з’явіліся новыя фактары рызыкі. Сярод іх – заходнія санкцыі, страта ўкраінскага рынку, адзначае Анастасія Лузгіна.

«З аднаго боку, нерэфармаванасць пенсійнай сістэмы стварае рызыкі. З іншага – дэмаграфічная сітуацыя. Плюс дадатковыя фактары, што дадаліся ў звязку з адцёкам спецыялістаў у іншыя краіны, узмацняюць гэтыя выклікі», – кажа Анастасія Лузгіна.

Калі верыць дзяржаўнай статыстыцы, то рэальныя грашовыя даходы беларусаў летась упалі меней як на чатыры адсоткі. У апытанні ж, якое мы правялі ў сацсетках «Белсату», больш за палову нашых гледачоў, якія жывуць у Беларусі, адзначыла значнае пагаршэнне свайго матэрыяльнага стану.

Валянцін Васіленка, «Белсат»