Не шкадуюць ні анкалагічна хворых, ні пенсіянерак. Палітычна матываваныя суды ідуць па ўсёй краіне


Тры з паловаю гады калоніі – анкалагічна хвораму. Вырак Уладзіміру Малахоўскаму ў судзе Першамайскага раёну Віцебску вынесла суддзя Таццяна Родзіна. Мужчыну прызналі вінаватым у гвалце ў дачыненні працаўнікоў міліцыі.

«Яны не ўлічылі нічога: чалавек хворы на анкалогію, чалавеку патрэбнае абследаванне двойчы на год абавязкова. Яны не ўлічылі двух няпоўнагадовых дзяцей, не ўлічылі, што ён атрымоўвае пенсію 247 рублёў. І суд хадайнічаў яшчэ гэтым траім «пацярпелым», вельмі пацярпелым, па тысячы рублёў», – абураецца сваячка асуджанага Ларыса.

Паводле абвінавачання, падчас затрымання на шэсці летась у верасні Малахоўскі сарваў жэтон з міліцыянта, а пазней у аўтазаку выкарыстаў газавы балончык. На агучванне прысуду ў судовую залю не пусцілі ні журналістаў, ні тых, хто прыйшоў падтрымаць віцябляніна.

«Каб вы менш ведалі праўду, каб мы менш ведалі праўду. Гэта галоўнае. Дый яны баяцца – тыя ж суддзі і тыя ж «пацярпелыя», – кажа Ларыса.

У Горадні суддзя Ганна Лявусік перанесла абвешчанне прысуду ў гучнай справе за падзеі 6-га верасня. Тады, падчас чарговага масавага мірнага пратэсту, сілавікі выкарысталі слезацечны газ і спецсродкі супраць дэманстрантаў, больш за сто чалавек затрымалі, распачалі шэраг крымінальных справаў. Пяцярых гарадзенцаў судзяць за арганізацыю або ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, а пацярпелыя ў справе – 11 працаўнікоў АМАПу з прыдуманымі імёнамі. Пракурорка запатрабавала для абвінавачаных тэрміны зняволення ад паўтара да двух з паловаю гадоў калоніі.

У менскіх судах разглядалі справы пенсіянераў, што ў пятніцу чыталі ў электравіку беларускія кнігі.

«Аказваецца, нас з вакзалу «вялі», з намі ехалі ціхары, апранутыя ў рыбацкую вопратку, з ледасекамі і крэселкамі, на якіх сядзяць рыбакі. Аказваецца, як нам потым сказалі, на кожнай станцыі былі людзі», – распавядае затрыманая на станцыі «Масюкоўшчына» Алена Лебядзінская.

Затрымлівалі пенсіянераў на некалькіх станцыях. Некаторыя правялі выходныя ў ізалятары часовага ўтрымання ў перапоўненых камерах.

«За маму перажываем, ёй 66 гадоў, яна хварэе на анкалогію, ёй выдалялі шчытападобную залозу. У яе хворая спіна, яна часта ходзіць з кійком, а ёй, сталай жанчыне, даводзіцца спаць на падлозе», – кажа Максім, сын пакаранай 20 соднямі арышту Галіны Гулянковай.

Галіна Гулянкова вінаватай сябе не прызнала. Жанчына прасіла суд прагледзець відэа з камераў назірання, на якім было б бачна, што затрымалі яе не так, як распавядае сведка-міліцыянт.

«Ілжэсведчанне – гэта крымінальна каранае злачынства. Але ў нашай краіне, на жаль, крымінальных справаў, апроч рэзананснай справы Рамана Бандарэнкі, не заводзяць на працаўнікоў праваахоўных органаў», – кажа Максім Гулянкоў.

Беларусы ладзяць акцыі салідарнасці з пенсіянерамі, затрыманымі ў цягніку. Студэнты чытаюць у метро, а жыхары Сеніцы цытуюць творы беларускіх класікаў.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»