Мінадукацыі пашырыла спіс ільготаў для абітурыентаў


Мінадукацыі пашырыла спіс ВНУ, у якія можна трапіць без экзаменаў. Змены датычаць мэтавікоў, выпускнікоў Ліцэю БДУ і тых, хто атрымаў профільную школьную адукацыю. Чым выкліканыя гэткія змены і пра што яны сведчаць?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Цяпер яшчэ 5 вышэйшых навучальных установаў – БДУ і БНТУ ў Менску, БРУ ў Магілёве, ВГУ ў Віцебску і ПГУ ў Пінску – прымаюць абітурыентаў без іспытаў. Не ўсіх, а толькі выпускнікоў Ліцэю БДУ і профільных класаў, а таксама так званых мэтавікоў. Гэта пэўнае паніжэнне планкі, мяркуе незалежная экспертка ў галіне кіравання адукацыі Святлана Мацкевіч:

«Звязана гэта з дэмаграфічным фактарам, бо ВНУ сапраўды цяпер адчуваюць пэўны недахоп абітурыентаў, то самым простым незамыславатым крокам ёсць, маўляў, ідзіце ўсе, хто хоча, хто гатовы плаціць, хто не гатовы плаціць».

Недахоп адчуваюць не толькі ВНУ, але і працадаўцы. У цэлым у краіне не стае каля дзесяці тысяч медыкаў, у сувязі з гэтым медычныя ВНУ павялічылі колькасць месцаў на мэтавае навучанне. Напрыклад, у БГМУ амаль 65% месцаў для бюджэтнікаў – гэта месцы для рыхтавання кадраў паводле мэтавага накіравання.

«Папера не ўтрымае людзей. І калі чалавек атрымае адукацыю ды зразумее, што тут небяспечная краіна і амаль што ГУЛАГ, ён можа з’ехаць. І нішто яго не ўтрымае. Але яны могуць зрабіць іх невыязнымі», – лічыць дарадца Асацыяцыі беларускага бізнесу за мяжой, доктар Яраслаў Кот.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт.
Фота: скрыншот з праграмы «Беларус беларусу». Крыніца: БЕЛСАТ LIFE / YouTube

Паводле пастановы Міністэрства адукацыі, экзамены ў пералічаныя установы ўсё яшчэ неабходныя для наступных спецыяльнасцяў: міжнародныя адносіны, міжнароднае права, правазнаўства, эканамічнае права, дзяржаўнае кіраванне і права, усходазнаўства, а таксама для спецыяльнасцяў, звязаных з творчасцю і фізічнай культурай.

«Гэтыя спецыяльнасці на сёння як былі, так і застаюцца, ну, не тое што дэфіцытнымі, а прыцягальнымі і канʼюктурнымі з пункту гледжання спажыўца адукацыі. Так скажам, моднымі. І гэта нікуды не знікла. І таму дзяржава захоўвае за сабой у гэтым плане працэс рэгулявання», – каментуе незалежная экспертка ў галіне кіравання адукацыяй Святлана Мацкевіч.

Змены ў сістэме адукацыі – гэта ў тым ліку спроба пазбегчы вялікага крызісу на рынку працы. На гэты момант у дзяржаўнай службе занятасці больш за 135 тысяч вакансіяў і толькі 12 тысяч рэзюмэ. Пры гэтым колькасць звальненняў у мінулым годзе перавысіла колькасць працаўладкаванняў на 62,8 тысячы.

«Беларусь – зона павышанай рызыкі для кампаніяў, і працаўнікі адʼязджаюць з краіны. Кваліфікаваныя працаўнікі шукаюць долю ў краінах, дзе ім могуць плаціць болей, перспектывы для іхных сем’яў лепшыя і бяспекі больш», – мяркуе Яраслаў Кот.

На думку Яраслава Ката, недахоп кадраў у выніку прывядзе да знікнення шэрагу прадпрыемстваў, бо неўкамплектаванымі яны не змогуць зрэалізаваць свайго патэнцыялу ў поўнай ступені.

Аліна Скрабунова, Белсат