Украіна атрымае дальнабойныя ракеты


ЗША рыхтуюць новы пакет ваеннай дапамогі Украіне коштам больш як на два мільярды долараў. Паводле звестак інфармацыйнага агенцтва «Reuters», у яго ўвойдуць высокадакладныя, дальнабойныя, саманаводныя ракеты.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

У свой час распрацоўваннем бомбаў малога дыяметру наземнага запуску, якія, згодна са звесткамі заходніх медыяў, у бліжэйшы час перададуць Украіне, займаліся кампаніі «Boeing» і «Saab». Палкоўнік запасу ЗСУ і вайсковы эксперт Украіны тлумачыць, што гэтыя ракеты зробленыя на базе разгоннага блоку ракеты М26 і нясуць на сабе бомбы GBQ39. Пускі здзяйсняюцца з рэактыўных сістэмаў залпавага агню тыпу HIMARS і М270, якія раней ужо былі перададзеныя Кіеву. На якую колькасць гэтых ракетаў можа разлічваць Украіна, і на што здольная гэткая зброя ў вайне з Расеяй?

«Мы атрымаем іх у дастатковай колькасці, для таго, каб знішчыць склады, камандныя пункты, сістэмы перадачы дадзеных, лагістычныя ланцужкі, авія- і ваенныя базы, рамонтныя базы на глыбіню 150 кіламетраў. Можна сказаць, што цяпер мы будзем даставаць да поўначы Крымскага паўвострава», – адзначыў палкоўнік запасу ЗСУ Раман Світан.

Перадачу такога ўзбраення Украіне эксперты звязваюць з надыходам часу, які лідары заходніх дзяржаваў акрэслілі як «пераломны момант вайны». Пра верагодны наступ расейцаў у бліжэйшыя тыдні ў інтэрв’ю брытанскаму тэлебачанню «Sky News» заявіў сакратар Рады нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны Аляксей Данілаў.

«Расейская Федэрацыя цяпер рыхтуецца да максімальнага абвастрэння. Яна збірае ўсе магчымыя і немагчымыя сілы, якія ў яе ёсць. Праводзіць цяпер вучэнні і трэнаванні. Ці будзе яна ісці з усіх бакоў? На сённяшні дзень я магу сказаць, што мы не выключаем якога заўгодна развіцця падзеяў у найбліжэйшыя два-тры тыдні», – дадаў Аляксей Данілаў.

На думку дырэктара «New Geopolitics Research Network» Міхайла Самуся, прэзідэнту Расеі Уладзіміру Пуціну неабходна да 24-га лютага прадаць свайму грамадству перамогу. Ёй можа быць спроба акупацыі Данецкай і Луганскай вобласцяў Украіны.

«Для забеспячэння выканання гэтай галоўнай задачы могуць быць асобныя спробы, напрыклад, – арганізацыя хуткага нарошчвання дэсантнага кампаненту на тэрыторыі Беларусі і правядзення дэсантнай аперацыі на захадзе Украіны. Гэта будзе суіцыдальная аперацыя, якая не атрымае якога-небудзь ваеннага поспеху», – мяркуе Міхайла Самусь.

А днямі міністр абароны Украіны Аляксей Рэзнікаў наведаў Парыж, дзе сустрэўся са сваім французскім калегам Сэбаст’енам Лекарню. Апошні абвесціў аб перадачы на патрэбы ЗСУ дванаццаці дадатковых гарматаў «Цэзар» і закрануў тэму сучасных знішчальнікаў. Табу на пастаўкі самалётаў ва Украіну няма.

«Нам трэба як мінімум, для поўнага пераўзбраення арміі і авіяцыі, каля дзвюх соцень самалётаў. Калі французы змогуць нам, дапусцім, хоць бы ў бліжэйшы час перадаць дзве сотні самалётаў, тады трэба разглядаць гэтыя пытанні і гэтую прапанову», – патлумачыў Раман Світан.

І ўсё часцей апошнім часам лідары заходніх краінаў гавораць аб немінучай паразе Расеі.

«Я вас прашу: калі вы пераможаце Расею, калі расейцы прыпаўзуць да вас на каленях мір падпісваць, то вядзіце іх у Пераяслаў, няхай яны з вамі падпішуць мір там. Няхай перакрэсляць усе тыя гады савецкага і расейскага ўплыву і гэтую няволю ад царызму да цяперашняй агрэсіі, ад якой вы цяпер зноў абараняецеся», – заявіў прэзідэнт Польшчы АнджэйДуда.

У горадзе Пераяславе Кіеўскай вобласці ў студзені 1654 гетман Багдан Хмяльніцкі правёў так званую Пераяслаўскую раду. На ёй Хмяльніцкі прысягнуў на вернасць маскоўскаму цару.

Руслан Ігнатовіч, «Белсат»