Кодэкс аб адукацыі: фармаванне грамадзянскасці, ільготы для «мілітары»


Планавалі атрымаць атэстат базавай сярэдняй адукацыі і пайсці працаваць? У выпускнікоў 9-га класу ў 2023 і чарговых гадах – дзяржава забрала такі варыянт. Школьнікі мусяць закончыць 11 класаў – у школе, тэхнікуме ці каледжы. Тыя, хто ў школе – здаць цэнтралізаваны экзамен. На прысвечаным новаму Кодэксу аб адукацыі брыфінгу профільныя чыноўнікі прагаварылі асноўныя змены – ад перайменавання ПТВ у каледжы – да фармавання ў навучэнцаў грамадзянскасці і патрыятызму.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Праграму 11 класаў у школе ці вучэльнях ці інакш праходзілі 99 % вучняў. Але былі юнакі, якія з атэстатам аб базавай адукацыі пасля 9-га класу ішлі на працу. У наступнага года такіх АБАВЯЖУЦЬ давучвацца. Мінадукацыі зрабіла абавязковым атрыманне сярэдняй адукацыі.

«Фактычна амаль 99 % дзяцей так ці інакш засвойвалі гэтую праграму. І гэтая новая норма ў адукацыі фіксуе тое, што ўжо існуе. І толькі 1 % Калі мы хочам абараніць іх правы на вольныя 2 гады пасля 9 класаў, то гэта датычыць толькі іх», – кажа настаўнік Зміцер Макарчук.

Сярод зменаў, датычных шырэйшага кола вучняў – магчымасць навучацца дыстанцыйна ў пачатковых класах і ў пасляшкольных навучальных установах. Закрыюць вячэрнія школы і Вучэбна-вытворчыя камбінаты. Прафтэхвучэльні пераймянуюць у каледжы.

Усім – і школьнікам, і студэнтам – дададуць ідэалагічных гадзінаў.

«Узмоцненая роля выхавання па фармаванні ў навучэнцаў грамадзянскасці і патрыятызму, у прынцыпе, паводле ўсяго арт. 17. Удакладненыя функцыі педагагічных працаўнікоў, у тым ліку тых, якія выконваюць функцыі класных кіраўнікоў і куратараў вучэбных груп», заявіў на брыфінгу працаўнік Міністэрства адукацыі Аляксандр Мацюшонак.

Агулам трэнд на ўзмацненне ідэалогіі і кантролю ў грамадстве распачаўся пасля выбуху ў Беларусі пратэстаў супраць фальсіфікацыі выбараў і міліцэйскага гвалту. Не абмінуў і сістэму адукацыі. Сілавікі пачалі наведваць школы і дзіцячыя святы. Новая рэдакцыя Кодэксу аб адукацыі дасць ім педагагічныя паўнамоцтвы. Анкетаванне дзяцей і патрыятычныя заняткі застануцца за настаўнікамі.

«Фактычна – настаўнікі ведаюць, што ад іх хочуць пачуць, якія паперкі трэба даслаць у адказ. І яны гэта будуць дасылаць – сфальсіфікаваныя апытанні, сфальсіфікаваныя справаздачы, распавядаць, што яны правялі, умоўна, 10 урокаў патрыятычнага выхавання, якія застануцца на паперы нікому не патрэбныя», – лічыць эксперт BISS Вадзім Мажэйка.

Супрацоўніца Мінадукацыі патлумачыла, хто яшчэ ўжо ў гэтым годзе, згодна з указам Лукашэнкі зможа паступаць на ільготнай аснове. Апроч абітурыентаў на сельскагаспадарчыя факультэты…

«Залічэнне па-за конкурсам: асобы, якія прайшлі навучанне ў профільных класах і групах вайскова-патрыятычнай накіраванасці, ва ўстановах Міністэрства абароны, ваенныя факультэты, а таксама ўстановах вышэйшай адукацыі дзяржаўнага памежнага камітэту і ў інтарэсах органаў памежнай службы, ва ўстановы Мінабароны і на ваенны факультэты», – агучыла працаўніца Мінадукацыі Аляксандра Пятрова.

Гэта гарманічна ўпісваецца ў дзяржаўную палітыку мілітарызацыі грамадства. Ацаніць якасныя змены ў адукацыі пасля рэфармавання мы папрасілі настаўніка Змітра Макарчука:

«Нам трэба задаць літаральна 2 пытанні: «што змяняецца ў жыцці вучняў пасля рэформы і што змяняецца ў жыцці настаўнікаў пасля гэтае рэформы? Практыка ўсіх папярэдніх рэформаў, кодэксаў і законаў аб адукацыі, якія былі перад кодэксам, паказвае, што нічога не змяняецца». – рэзюмаваў Макарчук.

Змены ў сістэме адукацыі набудуць моц у 2023-ім годзе.

Юлія Цяльпук, «Белсат»