«Антыпратэставы» Крымінальны кодэкс


Новы Кодэкс аб адміністратыўных правапарушэннях, які падпісаў Лукашэнка ў студзені, узмацніў пакаранне за ўдзел у пратэстах, непадпарадкаванне міліцыі і выкарыстанне бел-чырвона-белага сцягу. Цяпер на чарзе – папраўкі ў кодэкс крымінальны. Законапраект прадугледжвае ад 15-ці да 25-ці гадоў або пажыццёвае зняволенне за замах на жыццё сілавіка.

«Я думаю, што тут падвойныя мэты ставяцца. З аднаго боку, каб спрасціць і крыміналізаваць нейкія дзеянні, якія, на думку ўладаў, прывялі да таго, што яна страціла падтрымку большасці. З другога боку, акрамя вось спрашчэння, гэта такі сігнал усяму грамадству, каб яно баялася, каб яно не рыпалася, каб яно не ўдзельнічала ў пратэстах», – кажа журналіст Анджэй Пачобут.

Ані смяротныя выпадкі, ані заявы грамадзянаў аб гвалце з боку сілавікоў не сталіся падставаю для пачатку следства. За жорсткае абыходжанне з удзельнікамі пратэстаў з 9-га жніўня ўсцяж не завялі аніводнай крымінальнай справы. Супраць грамадзянаў жа за апошнія два месяцы вынеслі больш за сотню крымінальных выракаў. Самыя распаўсюджаныя артыкулы – арганізацыя ці ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак, а таксама гвалт у дачыненні міліцыянта. Ці давяраюць пры гэтым айчыннай судовай сістэме беларусы?

– Не, не давяраю.

– Чаму?

– Вельмі складана сказаць, чаму не на карысць праўды і людзей гэта ўсё адбываецца.

«Як можна гэтаму давяраць?»

«У нас суды не незалежныя, як у іншых краінах, яны цалкам залежаць ад уладаў».

Узмацніць крымінальную адказнасць Генеральная пракуратура напярэдадні прапанавала і за экстрэмізм. Гэтак, караць плануюць не толькі асобаў, прызнаных кіраўнікамі ці арганізатарамі, але і любых іншых удзельнікаў. Днямі прызнаць экстрэмісцкім прапанавалі бел-чырвона-белы сцяг.

«Што такое экстрэмізм? Гэта заклік да гвалтоўных дзеянняў супраць дзяржаўнай улады. Выбухі, падпалы, захоп будынкаў, забойствы. На сёння ў нас такога няма ў Беларусі, каб такое прымаць».

Увесці ў Крымінальны кодэкс могуць і асобны артыкул – «Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь», – мяркуе былы следчы, праваабаронца Алег Волчак.

Гаворка пра распаўсюд ілжывых звестак аб унутраным або міжнародным становішчы Беларусі.

Калі суд прызнае такую шкоду, то аўтарам артыкулаў у медыях ці на платформах у інтэрнэце пагражае да трох гадоў зняволення. Такі максімум набудзе і пакаранне за публічную абразу прадстаўніка ўлады або дыскрэдытацыю дзяржаўнага органу.

Юлія Лабанава, «Белсат»