Беларусь сустрэла Новы год


Абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская звярнулася да беларусаў з заклікам працягваць барацьбу і не забывацца пра палітвязняў, а таксама падвяла вынікі мінулага года.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Насуперак рэпрэсіям – запускаем ініцыятывы і аднаўляем медыі. Насуперак русіфікацыі – размаўляем па-беларуску і адзначаем нацыянальныя святы. Насуперак новым указам і падаткам – прадпрымальнікі развіваюць свой бізнес. Медыкі ратуюць жыцці, нягледзячы на адсутнасць лекаў. А нашыя бабулі ўжо не вераць прапагандзе, таму што ўнукі навучылі іх глядзець YouTube. І ўсё гэта мы робім, нягледзячы на стомленасць, злосць і расчараванне», – сказала беларуская лідарка ў сваім навагоднім звароце.

Лукашэнка ў сваім звароце дзякаваў сілавікам:

«Няма мацней стымулу да развіцця чым упэўненасць у заўтрашнім дні і ўпэўненасць у бяспецы народу. Людзі ў пагонах – дзякуй вам за мір».

Ды анансаваў палітычныя змены ў Беларусі:

«Упершыню ўсебеларускі народны сход пачне сваю працу на правах канстытуцыйнага органа. Тым самым мы створым падмурак беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці».

Агулам на YouTube-пляцоўках зварот Лукашэнкі мае прыкладна ў два разы большую колькасць праглядаў.

«Гэта як з выбарамі, – заўважае віцэ-прэзідэнтка даследчай арганізацыі «Globsec» Алена Кудзько. – Лукашэнка не можа прайграваць паводле ніякіх крытэраў. Нават калі не было арганічных праглядаў, я ўпэўненая, што накруцілі прагляды нейкімі ці ботамі ці іншымі метадамі. Трэба абавязкова паказваць, што Лукашэнка лідзіруе ў гэтым паказніку».

Да таго ж, у навагоднюю ноч у Беларусі ўпершыню заблакавалі YouTube. Адбылося гэта акурат перад зваротам Святланы Ціханоўскай. У гэты час YouTube на тэрыторыі Беларусі адкрываўся толькі праз VPN. Праз дваццаць хвілінаў доступ да рэсурсу аднавілі.

«Было зразумела, што наўрад людзі, якія не змогуць паглядзець Ціханоўскую, уключаць БТ, паглядзяць Лукашэнку ды стануць шчырымі лукашыстамі, – разважае палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў. – Ну вось такая ў іх паліттэхналогія».

Трыццаці першага снежня адзначылася акцыяй «Кіберапартызанаў», якія ўзламалі сайт інфармацыйнай кампаніі БелТА. Яны паведамілі, што спампавалі дзевяноста гігабайт інфармацыі, у тым ліку ўнутраныя дакументы, бухгалтэрыю і асабовыя звесткі працаўнікоў. Неўзабаве сайт агенцтва перастаў працаваць. Цягам першага студзеня ён быў недасяжны.

«Кіберпартызаны» паказалі, што ім падуладныя даволі моцныя арэшкі. БелТА разам з нейкімі сілавымі ведамствамі – самае важнае ідэалагічнае апірышча рэжыму. Так што, думаю, гэта такое віншаванне ад «Кіберпартызанаў» і яно было вельмі выразнае», – кажа Віталь Цыганкоў.

Навагодняя ноч у Беларусі прайшла спакойна. Міністэрства ўнутраных справаў нават паставіла сабе гэта ў заслугу. Цытата:

«Надзвычайных сітуацый і здарэнняў у месцах правядзення масавых мерапрыемстваў не дапушчана».

Ян Федаровіч, Белсат.