Аліўе і мандарыны для абаронцаў


Апошнія дні з расейскімі абстрэламі былі складанымі для Адэсы. Нягледзячы на гэта, мясцовыя валанцёры не перастаюць дапамагаць тым, хто Новы год сустракаў у акопах. Для іх прыгатавалі сто кілаграмаў салату аліўе.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Ніякага настрою няма, але нейкая вера, што хаця б аліўе неяк дапаможа ўзняць настрой, асабліва тым, хто на перадавой. Асабліва тым, хто ў нашмат горшых умовах, чым я тут», – кажа жыхарка Адэсы Тамара.

Грошы на салат сабралі менш чым за тыдзень. Інгрэдыенты зварылі кухары адной з мясцовых кавярняў, а наразалі іх 4 гадзіны каля дзясятка жыхароў Адэсы.

«Галоўны інгрэдыент аліўе – гэта сям’я. Хлопцы не могуць прыехаць. У іх цяпер такая місія, праца. Не ведаю, што гэта. Гэта місія, напэўна, бараніць нас, а нашая місія – хоць частку сямʼі прывезці для іх»? – зазначае жыхарка Адэсы Вольга.

Арганізатары акцыі кажуць, што такім чынам падтрымліваюць ініцыятыву кіеўскіх валанцёраў, якія навагодні настрой на фронт дастаўляюць ужо не першы год.

«Гэта ўсе нашыя знаёмыя, якім мы дапамагаем рознымі рэчамі. Запытаў шмат, і яны розныя. Плюс калі ты нешта дасылаеш праз пошту, няма таго кантакту. Калі ты адвозіш, даеш сам у рукі, то ты адчуваеш іх, ты можаш з імі паразмаўляць. Гэта іншая энергетыка, што зараджае нас на новыя справы і на новую дапамогу», – мяркуе валанцёр Іван Фатэска.

За дзень да Новага году ўвесь каштоўны груз адправіўся ў Херсон. Туман, вакол разбураныя паселішчы. Бліжэй да гораду чуваць гукі абстрэлаў. Месца перадачы – знакамітая херсонская стэла, што сталася сімвалам вызвалення Херсону.

Жаўнеры прыязджаюць адзін за адным, спяшаюцца вярнуцца на свае пазіцыі, бо сітуацыя на херсонскім кірунку цяжкая. Тым не менш, кожны цешыцца святочнай перадачай ад валанцёраў.

«Я мяркую, на аліўе ўсе адрэагуюць вельмі станоўча, бо гэта частка нашых традыцыяў. Калі мы не едзем дадому, то дом прыязджае да нас».

«Мы вельмі ўдзячныя за такую дапамогу. Гэта не нейкая драбяза. У хлапцоў сапраўды ўздымаецца настрой і баявы дух. Дзякуючы такім падарункам, мы ўзгадваем дом, і ў нейкія моманты здаецца, што мы ўдома»? – кажуць вайскоўцы.

Валанцёры шкадуюць толькі, што пакуль, праз масаваныя абстрэлы з боку расейскіх акупантаў, немагчыма даставіць аліўе для абаронцаў Украіны на левым беразе Херсоншчыны.

Дзіяна Фядотава, «Белсат»