Жыць са статусам

Рэжысёр: Боева Вікторыя Год: 2020

Колькасць смерцяў ад СНІДу ўва ўсім свеце зніжаецца, але рэгіён Беларусі ў гэтым сэнсе крытычны. У краіне сёння жыве больш за 27 тыс. чалавек са станоўчым ВІЧ-статусам.

Нягледзячы на тое, што ўжыванне неабходных лекаў зніжае наяўнасць вірусу ў крыві да нуля, людзі, не падазраючы, што ў іх ВІЧ, не атрымліваюць своечасовай медычнай дапамогі ды заражаюць іншых. І нават тыя, хто ведае, што мае ВІЧ, могуць не спрабаваць стаць на ўлік, бо гэта цягне за сабою праблемы, асабліва ў невялікіх гарадах. Ніхто не верыць у тое, што дыягназ не будзе агалошаны і неафіцыйна не пазбавіць уладальніка ўсіх ягоных грамадзянскіх правоў. Неафіцыйна людзей са станоўчым ВІЧ-статусам у Беларусі нашмат болей. Гэта дазваляе называць ВІЧ, хутчэй, псіхалагічным захворваннем, на інфекцыйным узроўні гэтая хвароба сёння лечыцца значна больш паспяхова.

Сёння ВІЧ-станоўчыя жанчыны, дзякуючы тэрапіі, таксама могуць нараджаць абсалютна здаровых дзяцей. Аднак стыгма і дыскрымінацыя – тыя негатыўныя наступствы, якія разам з хваробаю пераследуюць іх, на жаль, праз усё жыццё. Людзей звальняюць з працы, ад іх адварочваюцца сябры і нават медыкі. Яны нярэдка раскрываюць статус сваіх пацыентаў, нягледзячы на крымінальную адказнасць за разгалошванне медычнай таямніцы: скаргі на медустановы паступаюць з розных рэгіёнаў Беларусі. Як вынік, шмат якія ВІЧ-станоўчыя людзі сёння жывуць з закрытым статусам, прымаюць тэрапію, не распавядаюць іншым аб сваім дыягназе і хаваюцца ад медыкаў.

Чым абарочваецца для людзей такая добраахвотніцкая адмова ад сваіх грамадзянскіх правоў? Як ВІЧ-станоўчыя выходзяць з канфліктавых сітуацыяў і як абараняюць сваё права на месца ў беларускім грамадстве?

Рэж. Вікторыя Боева