Цэнтр катаванняў. Гісторыі з Акрэсціна

Рэжысёр: Аркадзь Несцярэнка Год: 2020

Людзі, якіх затрымалі ў першыя дні пратэстаў і катавалі ў ЦІП на Акрэсціна, дзеляцца досведам і эмоцыямі.

40-гадовы Ігар раней працаваў лекарам хуткай дапамогі. Перад самым затрыманнем, яму ўдалося выратаваць маленькага хлопчыка, у якога ў лёгкіх засела гумовая куля. У Акрэсціна ён ужо нікому не мог дапамагчы.

30-гадовая Крысціна была арыштаваная разам з іншымі матацыклістамі ў раёне Уручча. Яна кажа, што напачатку яе пратрымалі на вуліцы гадзіны тры, а ўвечары змясцілі ў Акрэсціна.

«Работнікі Акрэсціна ўвогуле, як да зэдліка, які біць нагой можна, ставіліся. Не як да людзей. Трымалі на бетоннай падлозе нас. 35 дзяўчат, па-мойму, у такім пакойчыку, пад адкрытым небам… Гэта было жудасна. Шмат каго білі. Хлопцаў вельмі моцна білі. Дзяўчат – кагосьці мацней, кагосьці – слабей… Дагала распраналі мяне. Гэта быў поўны капец».

30-гадовы Павел служыў у памежнай службе. Ён кажа, што Акрэсціна падзяліла яго жыццё на да і пасля.

Тры героі з такім розным жыццёвым вопытам распавядаюць пра тое, што яны адчувалі, калі пакідалі месца, дзе катавалі людзей. Як іх прымалі валанцёры на выхадзе з ЦІП. Адзін з герояў успамінае, як ён у Акарэсціна стаў сведкам візіту намесніка міністра ўнутраных спраў Барсукова, які дрыжачым голасам палохаў арыштаваных.

Ёсць здымкі з Акрэсціна з 10 па 14 жніўня, якраз тады, калі там сядзелі нашыя героі, а таксама аматарскія запісы іх арышту.

Рэпартаж, рэжысёр Аркадзь Несцярэнка, 2020 г., Беларусь