Прыступкі да свабоды

рэж. Булавінская Марыя, 2019

У Беларусі людзі, якія могуць перамяшчацца з дапамогаю інваліднага вазка, звычайна не пакідаюць межаў сваіх кватэраў. Пяць прыступак паміж ліфтам і тамбурам, якія чалавек без інваліднасці пераадольвае, не заўважаючы, некалькі разоў на дзень, становяцца сур’ёзнаю перашкодай для вазочнікаў, каб выйсці з дому. Андрэй Антоненка з Гомля, які сам прыкуты да вазка, намагаецца змагацца з гэтаю праблемай.

Андрэй нарадзіўся з ДЦП, яму ўва ўсім дапамагае маці Тамара. Хлопец вельмі інтэлігентны ды актыўны, спрабуе сябе ў якасці грамадскага актывіста, каб дапамагчы іншым. У адным толькі Гомлі – больш за тысячу чалавек, якія могуць перамяшчацца толькі з дапамогаю інваліднага вазка.

Хлопец з мамаю дамагліся, каб у іхным пад’ездзе ўсталявалі ўздымнік, які дазваляе абмінуць падступныя прыступкі. Але перш як яго ўсталявалі, Андрэю давялося прайсці праз канфлікт з жыхарамі пад’езду, пераважная колькасць якіх нечакана выступіла супраць уздымніка.

Часам Андрэю ўдаецца выйсці на шпацыр. Для яго гэта пераадольванне паласы перашкодаў: праблема з’ехаць з высокіх бардзюраў, праблема трапіць у грамадскі транспарт; каб паспець з’ехаць на дарогу на зялёнае святло святлафору, трэба ўжыць адмысловы манеўр – павярнуць вазок тылам. Здараюцца і кур’ёзы. Аднойчы Андрэй паспрабаваў зайсці ў сучасную прыбіральню ў гомельскім парку, пабудова якой абышлася на мільён долараў. Прыбіральня пабудаваная паводле сучасных тэхналогіяў і мае электраўздымнік, на які нікога не пускаюць. Жанчына-вахцёрка адмовілася яго ўключаць, патлумачыўшы, што «не праходзіла тэхнікі бяспекі».

Маці Андрэя пакінула запіс у кнізе скаргаў. Што ёй адказалі чыноўнікі – глядзіце ў рэпартажы.

Рэжысёр Марыя Булавінская, 2019 г., Беларусь

Каментары