Пайсці і не вярнуцца. Фільм трэці

Рэжысёр: «Белсат» Год: 2020

Трэці эпізод рэпартажу пра тое, якімі былі людзі, што загінулі падчас пратэстаў.

У дзяцінстве Раман Бандарэнка цікавіўся амаль усім: ён плаваў, гуляў у настольны тэніс і футбол, займаўся брэйк-дансам і маляваў. Маляваць ён пачаў значна раней, чым гаварыць. І гэта было галоўнаю справаю, якая суправаджала яго ўсё жыццё. Гэткае кароткае жыццё. Пасля Архітэктурна-будаўнічага каледжу ён скончыў Акадэмію Мастацтваў і ў войска, у спецназ, пайшоў у 24. Служылі бацька і абодва дзяды. Інакш было нельга. За што б ні браўся гэты хлопец, у яго ўсё гарэла ў руках.

Пасля службы ўладкаваўся працаваць у краму «Востраў чысціні» грузчыкам і даслужыўся да дырэктара. Мара была – маляваць камп’ютарныя гульні. Абавязкова б спраўдзілася, калі б увечары 11 лістапада Рома не выйшаў у свой двор. Туды прыйшлі людзі з пакункамі ды нажніцамі зразаць сімвалічныя стужкі…

Сёння ўсе кажуць, што Рома не мог справакаваць канфлікту, наадварот – ён усё заўсёды стараўся развязваць мірным шляхам. Хлопца няма, яго забілі. Сказалі, што быў пʼяным, у чарговы раз абылгалі ахвяру пратэсту.

Рэпартаж, 2020 г., Беларусь