Над сістэмай, рэпартаж, рэж. Марыя Булавінская, 2016 г., Беларусь


Па вайне выпускніка Гомельскага педагагічнага інстытуту Яўгена Ткача запрасілі на службу ў Міністэрства дзяржаўнай бяспекі ў аддзел росшуку калабарантаў часоў Другое сусветнае вайны. Па нейкім часе малады афіцэр пачаў усведамляць, што не ўсё так проста – не ўсіх калабарантаў можна было, як сцвярджаў савецкі рэжым, назваць здраднікамі Радзімы. Гэта паклала канец ягонай працы ў МДБ…Але савецкі рэжым так проста не выпускаў са сваіх кіпцюроў былых працаўнікоў – Яўгена Ткача ўвесь час пераследавалі… У 1950-ых ён выпадкова дазнаўся пра Курапаты, гісторыю якіх пасля таемна расследаваў. Знаёмы таксама з ахвярамі расстрэлу на 9-ым кіламетры ад Гомля, некаторыя з якіх цудам ацалелі. Вядома, што ўлады і дасюль не прызналі за сабою віны за забойствы «імперыі зла». Але Яўген Ткач упэўнены: рэжым не можа знішчыць імкнення дашукацца праўды.