84-гадовы Уладзімір Зіўлікаў і ягоны сын Валянцін з Дрыбіншчыны робяць валёнкі. Некалькі стагоддзяў таму іхныя продкі, каб захаваць сакрэты мастацтва выраблення валёнак, прыдумалі адмысловую гаворку – катрушніцкі лемезень, ці гэтак званую прафесійную гаворку рамеснікаў, якія вырабляюць валёнкі.
Гэтае рамесніцтва і мова старанна культывавалася і перадаваліся з пакалення ў пакаленне, але ў XXI ст. неабходнасць далейшага захоўвання гэтых ведаў ужо знікла, таму апошнія карыстальнікі патаемнай гаворкі гатовыя падзяліцца сакрэтамі сваіх продкаў.
Нашыя героі жывуць у вёсцы Пакуцце, былым і цяперашнім рамесным цэнтры катрушніцтва. У вёсцы ёсць некалькі дзясяткаў людзей, якія, нягледзячы на навакольны заняпад і шматлікія закінутыя хаціны, не страчваюць запалу да жыцця. Зіма традыцыйна запавольвае рух жыцця мясцовых жыхароў – гэта значыць, настае час для старых рамёстваў, сярод якіх важнае месца займае вырабленне валёнак.
Фільм знаёміць гледачоў не толькі з сакрэтамі гэтага рамяства і амаль страчанаю ўнікальнаю гаворкай, але і паказвае зімовае жыццё беларускай вёскі.