Банда

Рэжысёр: Раіса Міхайлоўская Год: 2015

У 1999 годзе ў Беларусі выкралі былога міністра ўнутраных справаў Беларусі Юрыя Захаранку, былога старшыню Цэнтрвыбаркаму, віцэ-спікера парламенту 13-га склікання і апазіцыйнага палітыка Віктара Ганчара, грамадскага дзеяча і бізнесоўца Анатоля Красоўскага. Вышэйназваных вядомых асобаў дагэтуль не знайшлі. У 2000 годзе бясследна знік аператар ОРТ Зміцер Завадскі, лёс якога таксама дагэтуль невядомы.

Аўтары фільму «Банда» – беларускія рэжысёры Павал Бандзіч і Яўген Шапчыц, аўтары сцэнару – Раіса Міхайлоўская і Марына Бяляцкая. Амаль год яны скрупулёзна аналізавалі дакументы, сведчанні пацярпелых і асобаў, якія маюць дачыненне да палітычных знікненняў, сістэматызавалі і ўкладалі ў агульную карціну падзеі. У стужцы мы пачуем выказванні родных загінулых: Ірыны Красоўскай, Вольгі і Святланы Завадскіх, Зінаіды Ганчар, а таксама трагічна загінулага журналіста Паўла Шарамета, палкоўніка КДБ у адстаўцы Валерыя Косткі, былога кіраўніка СІЗА №1 і палкоўніка міліцыі Алега Алкаева, старшыні Вярхоўнага Савету 12-га склікання Мечыслава Грыба, былога кіраўніка Кансультатыўнай назіральнай групы АБСЕ ў Менску – Ганса-Георга Віка ды іншых.

Фільм спрабуе адказаць на пытанне: чаму праўды пра знікненне журналіста і лёс выкрадзеных лідараў апазіцыі дагэтуль не высветлілі? Тым больш, што афіцыйную справу аб знікненні Юрыя Захаранкі меліся закрыць летась праз тэрмін даўніны – прайшло 15 гадоў. Аднак гэтага не адбылося. Навошта ўладам працягваць следства? Ці не таму, што, як толькі справа афіцыйна закрылася б, пацярпелыя, а таксама іхныя адвакаты, атрымалі б права азнаёміцца з дакументамі?