Бачыць нябачнае

рэж. Боева Вікторыя, 2019

Невідушчыя людзі могуць уявіць сабе, як выглядаюць творы мастацтва ды архітэктуры. Гэта сталася магчымым дзякуючы валанцёрам з праекту «Мівія». Яны ствараюць тактыльныя інтэрпрэтацыі карцінаў беларускіх мастакоў, каб слабавідушчыя навобмацак маглі іх «убачыць».

Распачала праект Людміла Скрадаль. Некалькі гадоў таму Людміла, экскурсавод-пачаткоўка, сустрэла сяброўку. Тая запытала, што можна запрапанаваць ейнай невідушчай маці.

«Сем гадоў таму ў Менску практычна не было экспанатаў, не было месцаў, не было экскурсіяў, якія былі б прыдатныя, адаптаваныя для невідушчых людзей», – згадвае экскурсавод.

Людміла пастанавіла гэта змяніць. У яе нарадзілася ідэя стварыць макеты – паменшаныя дакладныя копіі будынкаў, каб можна было праз дотык пазнаёміцца з архітэктурай у мініяцюры.

З макетамі дапамаглі архітэктары, якія і раней рабілі мініяцюры будынкаў, толькі з паперы. Яны паспрабавалі склеіць больш трывалыя канструкцыі – і ўдалося. Пазней да праекту далучыліся мастакі і скульптары, якія пачалі адаптаваць карціны для невідушчых. Таксама для іх валанцёры «Мівіі» распрацавалі адмысловыя маршруты экскурсіяў па Менску і зладзілі трэнінгі для экскурсаводаў.

Як праходзіць экскурсія для слабавідушчых? Як яны рэагуюць на кантакт з макетамі помнікаў архітэктуры ды аб’ёмныя карціны? Глядзіце ў рэпартажы «Бачыць нябачнае».

Рэж. Вікторыя Боева, 2019 г., Беларусь

 

Каментары