Пастка для апазіцыі?, дак. фільм

Рэжысёр: Ісакаў Сяргей Год: 2011

Дзень 19 снежня 2010 г. пакінуў па сабе шмат скандальных таямніцаў. Новы фільм тэлеканалу «Белсат» з цыклу «Невядомая Беларусь» – «Пастка», які складаецца з дзвюх частак з красамоўнымі падзагалоўкамі – «Пастка для апазіцыі?» і «Пастка для прэзідэнта?», аналізуе гэтыя падзеі ды тэндэнцыі, што сталіся іхным фонам, на падставе версіяў палітыкаў і палітолагаў. Свае версіі ды каментары агучваюць аналітыкі Уладзімір Мацкевіч, Раман Якаўлеўскі, Вадзім Гігін, палітык Сяргей Калякін, колішні дарадца прэзідэнта Расеі Андрэй Іларыёнаў і былы амбасадар Украіны ў Беларусі Раман Бяссмертны.

Цэнтральная версія фільму: падзеі 19 снежня – гэта маніпуляцыі Масквы, якая справакавала такі сцэнар і адзіная ў выніку выйграла. Прычым ужо не першы раз у найноўшай гісторыі. Дзеля параўнання ў фільме паказаныя падзеі з часоў рэферэндуму 1996 г., у выніку якога змянілі Канстытуцыю і разагналі дэмакратычна абраны Вярхоўны Савет.

Паводле словаў Леаніда Міндліна, расейскі след – гэта толькі версія: «Доказаў няма, але ёсць логіка падзеяў».

Маюцца на ўвазе гандлёвыя, інфармацыйныя войны, «страшылкі» пра рэвалюцыю і нават пагроза нейкай спецаперацыі дзеля фізічнай ліквідацыі кіраўніка Беларусі – усё гэта стварала пэўную палітычна-псіхалагічную атмасферу, якая правакавала як апазіцыю, так і ўлады краіны.

Таксама можна дадаць, што вынікам падзеяў 19 снежня 2010 г. сталі рэпрэсіўны разгром беларускай апазіцыі, узмацненне залежнасці Лукашэнкі ад Масквы, сапсаваныя дачыненні Беларусі з Захадам, зацягванне ў Мытны саюз і Еўразійскі саюз.

Пра прэзідэнцкія выбары 2010 г. было сказана і паказана нямала. Але фільм «Пастка» ўсё адно глядзіцца з цікавасцю – бо зняты, як кажа сам спадар Міндлін, згодна з заходнім прынцыпам: дынамічна, у кліпавай манеры, з добра пакладзенаю на кадры музыкаю.

А самае галоўнае – гэта не проста хроніка і не чорна-белы прапагандысцкі прадукт, а аналіз. Каб больш не трапляць у пасткі – ані ў свае, ані ў чужыя.

Першы фільм «Пастка для апазіцыі?» «Белсат» паказаў 18 лістапада. Паўторы 19 лістапада а 09:15 і а 12:45, 23 лістапада а 17:25 і 24 лістапада а 11:50 і а 16:25.

Прэм’ера другога, «Пастка для прэзідэнта?», роўна праз тыдзень – 25 лістапада.

2011, Беларусь