Вяселле ў няволі

Рэжысёр: Святлана Барысава Год: 2022

У хлопца з Расеі Мікіты Сафронава і беларускі Яны Пінчук былі прыгожыя планы на супольнае жыццё: вяселле на беразе цёплага мора і шмат шчаслівых гадоў наперадзе. Аднак іхныя лёсы зламалі дзве таталітарныя дзяржавы.

Яна Пінчук апынулася ў адным з расейскіх СІЗА, бо ўвосень 2021 года яе арыштавалі на запыт уладаў Беларусі па абвінавачанні ў экстрэмізме. У Беларусі на дзяўчыну завялі 5 крымінальных справаў, што разам дае да 20 гадоў пазбаўлення волі.

«Яну судзяць за тое, што наважылася хоць нешта сказаць супраць Лукашэнкі ды ягонай улады. Паўтары тысячы вязняў судзяць за тое, што ў Беларусі ні свабоды слова, ні свабоды думкі цяпер ужо няма», – кажа Мікіта Сафронаў.

Мікіта – апазіцыйна настроены ўдзельнік мітынгаў у Расеі. Ён хацеў з’ехаць з Янаю ў Іспанію, але не паспеў аформіць усіх дакументаў, калі ягоную дзяўчыну арыштавалі. Мікіта быў вымушаны застацца ў Расеі, каб дапамагаць ёй. Маладзён рэгулярна пакуе ўдома перадачы для Яны і носіць іх у СІЗА, дзяжурыць ля судоў, піша лісты палітзняволеным. Урэшце Мікіта пастанаўляе ажаніцца з каханаю, каб мець магчымасць асабістых сустрэчаў.

«Прывялі яе – яна заходзіць, у яе рукі за спінаю па звычцы. Без кайданкаў, проста іх так водзяць. Я падбягаю, пачынаю абдымаць. Пакуль супрацоўнік ЗАГСу рыхтаваў дакументы, у нас быў час паабдымацца, пашаптацца. Усё вельмі хутка прайшло, як і агулам спатканне. Падаецца, што табе даюць час, а ён пралятае хвіліны за тры», – распавядае пра сваё вяселле ў турме Мікіта.

Заручальны пярсцёнак Яны Мікіта пакуль носіць на ланцужку на шыі ды працягвае змагацца за каханую, якую экстрадавалі ў Беларусь. Мікіта разумее, што перад імі – новыя выпрабаванні, барацьба за Яну цяпер ускладніцца, бо ў Беларусі зліквідаваныя ўсе праваахоўныя арганізацыі, а некаторыя адвакаты і праваабаронцы – самыя ў турмах.

belsat.eu