Крыштальныя мары


Такіх гісторыяў не дзясяткі, а сотні і тысячы: жыццё звычайнай беларускай сям’і, якое падзялілася на «да» і «пасля» пратэстаў 2020 года, эйфарыя нядзельных маршаў, вера ў перамогу, напружанасць восеньскіх разгонаў, арышт, здзекі, вымушаны ад’езд, трывожна-дэпрэсіўны стан на чужыне і неймаверныя намаганні не толькі даць рады ўласнай бядзе, але яшчэ і не скласці рук і працягваць гаварыць пра ўсю Беларусь.

Напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў Мікалай Мамінаў разам з жонкай і дзецьмі вярнуўся з адпачынку загадзя – адмыслова, каб трапіць на выбарчы ўчастак менавіта 9 жніўня. Там яны заставаліся да ночы, разам з жыхарамі раёну чакаючы абвяшчэння вынікаў. Там і пачынаюцца храналагічныя відэаздымкі жыцця адной сям’і.

Мікалай уважліва фіксаваў усе акцыі і маршы са жніўня да кастрычніка 2020 года, да ўласнага затрымання. На гэтых кадрах – дзясяткі тысячаў свабодных беларусаў са сцягамі, іранічныя плакаты, песні і карагоды, а таксама святлошумавыя гранаты, што разрываюцца пад нагамі грамадзянаў, амапаўцы, якія штурмуюць сценку з жанчын, крыкі ў цемры, боль і хаос.

20 верасня, пасля вяртання з нядзельнага маршу, Мікалая ва ўласнай кватэры затрымаў КДБ. Пасля шматлікіх допытаў і ператрусаў удзельнік пратэстаў адседзеў 15 содняў арышту. Падчас другога арышту ў кастрычніку яго моцна збілі, зламалі рэбры, і пасля двух «судоў» Мікалай атрымаў максімальны на той момант тэрмін у адміністратыўнай справе – 20 содняў.

Выхад Мікалая з турмы, сустрэча з жонкай таксама трапілі на кадры сямейнай хронікі. Як і паспешлівыя зборы і ад’езд з краіны пасля ўсведамлення таго, што закон тут больш не працуе.

За мяжою адбываецца трансфармацыя Мікалая – з рамантычнага барацьбіта за свабоду ў жорсткага рэаліста, які не збіраецца здавацца ні ў якім выпадку. Ён верыць, што 2020 год – яшчэ не мінуўшчына, і што большасць беларусаў працягвае жыць тымі падзеямі і пераасэнсоўваць іх значэнне.

Рэжысёр Мікалай Мамінаў, 2023 г.

belsat.eu