Праўда з намі

Рэжысёр: Ян Блюз Год: 2022

Шмат якія беларусы, якія бралі ўдзел у акцыях пратэсту ў 2020 годзе, былі вымушаныя з’ехаць ва Украіну. Таму, калі пачалося расейскае ўварванне, яны палічылі сваім абавязкам біцца разам з украінцамі, плячо да пляча. Фільм з цыклу «Без рэтушы».

Цяпер на вайне ва Украіне змагаюцца некалькі вайсковых фармаванняў, якія ў асноўным складаюць беларусы. Адзін з іх – батальён «Пагоня», заснаваны Вадзімам Пракопʼевым. Батальён «Пагоня» цяпер у стадыі баявой падрыхтоўкі і трэнуецца на адным палігонаў пад Кіевам. Удзельнікі займаюцца фізічнымі практыкаваннямі, стральбой, атакамі на пазіцыі ворага, аказаннем першай дапамогі і спартовым арыентаваннем.

Беларусаў у Збройных Сілах Украіны даволі шмат. Сярод іх – Ігар «Янкі», Андрэй «Несмяротны» з Менску. Мужчыны былі вымушаныя ўцякаць ад пераследу за ўдзел у пратэстах. Кіеў стаў для іх другім домам, і яны яго абараняюць. Яны бралі ўдзел у вызваленні населеных пунктаў на поўнач ад Кіева, а раней у Беларусі гэтыя байцы былі спартоўцамі і актыўнымі заўзятарамі «Дынама» (Менск).

Ёсць фармаванні, якія на сто адсоткаў беларускія – напрыклад, батальён Каліноўскага. Віталік – вайсковец з батальёну імя беларускага нацыянальнага героя. Ёсць у батальёне і дзяўчаты – напрыклад, Вераніка. Але яны не бяруць удзелу ў баявых дзеяннях. Да вайны Вераніка жыла з мужам у Львове. Калі пачалося ўварванне, яны вырашылі, што ўцякаць няма сэнсу, бо Пуцін не скончыць сваёй кампаніі ва Украіне: ён пойдзе далей.

Ян Блюз, 2022, Польшча