Вечны бой Эдуарда Лобава

Рэжысёр: Вольга Воранава Год: 2023

Актывіст, сустаршыня «Маладога фронту», беларускі добраахвотнік ЗСУ Эдуард Лобаў гераічна загінуў ва Украіне – у баі пад Вуглядарам 23 студзеня 2023 года.

Яшчэ ў школе падлетак Эдуард Лобаў казаў, што трэба рыхтавацца да вайны, трэба быць добрым вайскоўцам. Хлопец марыў стаць афіцэрам, аднак у вайсковую акадэмію не трапіў.

Але ад мары хлопец не адмовіўся, ён пайшоў служыць у войска, у элітную дэсантную частку. Калі Эдуард пабачыў, як там рыхтуюць жаўнераў, у яго цалкам змянілася стаўленне да беларускага войска. Так пачалася асабістая барацьба Эдурда Лобава з сістэмай. Падчас службы хлопец расклейваў улёткі пра вайсковае бяспраўе, за што яго адправілі на гаўптвахту.

Пасля дэмабілізацыі Эдуард Лобаў далучыўся да «Маладога фронту», актыўна ўдзельнічаў у пратэставых акцыях, стаў кіраўніком менскай арганізацыі. За дзень да правядзення вулічнай акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў 2010 года Эдурда Лобава затрымалі разам са старшынём «Маладога фронту» Змітром Дашкевічам і засудзілі на 4 гады калоніі.

Адбыўшы тэрмін, актывіст заставаўся пад прэвентыўным наглядам міліцыі. У 2015 годзе Эдуард быў вымушаны з’ехаць за мяжу, бо на яго зноў завялі крымінальную справу. Улетку 2015 года Эдуард Лобаў як добраахвотнік далучыўся да тактычнай групы «Беларусь» у вайне на ўсходзе Украіны.

У фільме Эдуарда Лобава згадваюць маці Марына Лобава, палітык Зянон Пазняк, сябры і калегі Андрусь Цянюта, Алесь Кіркевіч, пабрацімы Тарас Дацэнка, Іван (Каёт) Завяршынскі.

Рэжысёрка Вольга Воранава, 2023 год

belsat.eu