Наталля Хершэ. Кошт сумлення

Рэжысёр: Міраслаў Грыб Год: 2022

Гісторыя беларускі Наталлі Хершэ, грамадзянкі Швейцарыі, якая не кінула роднай краіны ў вызначальны момант і дорага за гэта заплаціла, – у новым рэпартажы з цыклу «Без рэтушы».

У выніку рэпрэсіяў пасля выбараў 2020 года ў Беларусі ў турму трапіла вялікая колькасць людзей, сярод якіх – грамадзянка Швейцарыі. Наталля Хершэ прыехала ў Менск 11 верасня 2020 года і планавала вярнуцца дадому 21 верасня. Пасля сустрэчы з сяброўкай яна ўзяла ўдзел у жаночым маршы.

Спачатку Наталлю затрымалі паводле артыкулу 23.34 КаАП за ўдзел у несанкцыянаванай масавай акцыі, але пазней супраць яе распачалі крымінальны пераслед: прысудзілі 2,5 года калоніі з фармулёўкай «аказала супраціў гвалтам».

Спярша Наталля Хершэ адбывала пакаранне ў папраўчай калоніі для жанчын у Гомлі, дзе адмовілася шыць уніформу сілавікам. Там яе некалькі разоў кідалі ў ШІЗА – самае страшнае пакаранне для вязняў, дзе жанчына траціла прытомнасць праз адсутнасць сну і холад.

«ШІЗА – гэта вузкі пакой паўтара метра шырынёй і метры чатыры ў даўжыню. З аднаго боку – нары, умывальнік, прыбіральня-дзірка, акно, – згадвае Наталля. – Пасярэдзіне – дзве зацэментаваныя тумбы, на якія апускаецца ложак – нары. Матрац, падушка, коўдра – нічога гэтага няма. Ты можаш мець толькі туалетную паперу, зубную пасту і кухонны ручнік. У акне вялікія шчыліны, дзьме, было вельмі холадна».

Свой турэмны досвед Наталля апісала гэтак: «Тое, што я перажыла, было катаваннем, па-іншаму гэтага не назавеш».

Ці зламала жанчыну турма? Які досвед яна адтуль вынесла? Якія ў Наталлі планы на будучыню? Глядзіце ў рэпартажы.