Мы застаемся тут

рэж. Вольга Воранава, 2022

Гісторыі траіх беларусаў, якія ўцяклі ад рэжыму Лукашэнкі ва Украіну, дзе іх застала вайна. Героі рэпартажу не спалохаліся вайны, а пастанавілі застацца, каб дапамагаць іншым. У кожнага з іх былі свае прычыны.

«Шмат маіх сяброў пераймаецца, што я ва Украіне, што тут ідзе вайна, што я магу памерці. Мне прапанавалі з’ехаць з краіны. Мой бацька лічыць, што ідзе спецаперацыя, і ўсё добра. Трэба проста не высоўвацца і не страляць у расейскіх жаўнераў», – распавядае Максім. Ён сакратар рады ЗБС, сябра пашыранага складу Каардынацыйнай рады. Ён уцёк праз пагрозу пераследу. Украіна сталася для маладзёна другім домам, таму ён застаўся, каб дапамагаць валанцёрскаю працаю вайскоўцам.

«Я не мог з’ехаць, бо маю краіну цяпер бамбуюць. Так сама, як у 2020 годзе закідвалі гранатамі людзей, толькі тут прылятаюць ракеты», – кажа Максім.

Карына Пацёмкіна – палітычная ўцякачка, якая пільна выехала ва Украіну з Беларусі пасля падзеяў 2020 года. Калі Пуцін напаў на Украіну, Карына нават і не думала з’ехаць, хаця ў ейным пашпарце ўжо была польская гуманітарная віза. Дзяўчына пайшла працаваць у кол-цэнтр гарадской рады Бучы, а пасля вызвалення гораду дапамагала апытваць мясцовых жыхароў, каб сабраць звесткі пра злачынствы расейцаў.

«А распавядалі людзі розныя рэчы. Ад інфармацыі, дзе закапаныя жыхары, у якім двары», – згадвае дзяўчына.

Мясцовыя ўлады афіцыйна падзякавалі Карыне за валанцёрскую дзейнасць.

Валер – сябра Партыі БНФ. У 2020 годзе быў незалежным назіральнікам на выбарах. 10 жніўня, наступнага дня пасля выбараў, яго скралі супрацоўнікі МУС з дому. Улетку 2021-га на яго завялі крымінальную справу і пагражалі абвінаваціць у тэрарызме. Спачатку Валер хаваўся ў Беларусі, пазней з’ехаў ва Украіну.

З пачатку вайны Валер пастанавіў дапамагаць Украіне і нават хацеў уступіць у тэрытарыяльную абарону. Але беларуса туды не ўзялі. Тады мужчына пачаў валанцёрыць. Шмат украінскіх мужчынаў прызвалі ў ЗСУ, таму застаўся попыт на працаўнікоў, да якіх і далучыўся Валер.

Што далей плануюць рабіць героі рэпартажу? Ці застануцца яны ва Украіне дапамагаць, як і раней? Пра што яны мараць, на што спадзяюцца?

Рэжысёрка — Вольга Воранава, 2022

Падпісвайся на telegram Белсату

Больш фiльмаў