Спаленыя карані

Рэжысёр: Ян Блюз Год: 2023

Рэпартаж пра расейцаў, якія воляю лёсу апынуліся ва Украіне. Цяпер тут іхны дом, і яны лічаць справай гонару бараніць яго ад расейскай агрэсіі.

Большасць з гэтых асобаў не знаходзяць разумення нават сярод самых блізкіх, якія засталіся ў Расеі. Гэтак, хірурга з Харкава, расейца Сяргея, бабуля і брат намагаюцца пераканаць, што Украіна – «фашысцкая дзяржава, якая сама сябе абстрэльвае». Сяргей прыехаў ва Украіну на вучобу і застаўся тут працаваць. З першых дзён расейскага ўварвання лекар без перадыху аперуе параненых.

Яшчэ адзін герой рэпартажу – Дзмітрый. Ён адмыслова прыехаў ва Украіну, каб запісацца ў ЗСУ.

«Мая мама думае, што я здраднік краіны, свайго роду, таму што мой дзед – разведчык, герой вайны, ваяваў. І мой дзядуля большую частку жыцця правёў ва Украіне, ваюючы з УПА», – кажа Дзіма.

Расейка Наста ўжо шмат гадоў жыве ва Украіне. Калі да ўлады прыйшоў Пуцін, Наста з мужам зразумела, што трэба з’яжджаць, што нічога добрага іх тут не чакае. Расея ўвязвалася ў адзін ваенны канфлікт за адным, а ў пары падрасталі сыны. У 2007 годзе сям’я пераехала ва Украіну. «Было адчуванне, што калі мае хлопчыкі вырастуць, яны пойдуць на вайну. Нешта зноў здарыцца, і яны будуць вымушаныя ўдзельнічаць ва ўзброеным канфлікце. Так яно і выйшла, але мы ўжо зусім з іншага боку, і гэта зусім іншая рэч. Адзін з маіх сыноў цяпер ваюе за Украіну. Іншыя – валанцёры», – распавядае жанчына.

«Калі б мы тады не пераехалі, са стоадсоткавай гарантыяй я б цяпер быў не на гэтым баку барыкадаў, а на тым. І не факт, што жывы», – кажа сын Насты Арцём.

Хлопец ледзьве паспеў скончыць школу, як выправіўся на фронт. Арцёма аформілі ў Міжнародны легіён Украіны. Наста, хоць і вельмі перажывала, усё ж падтрымала сына і дазволіла 18-гадоваму юнаку зрабіць уласны выбар.

Рэжысёр – Ян Блюз, 2023

belsat.eu